BE RU EN

У ЕС адпрацоўваюць сцэнар нападу на адну з краін

  • 17.04.2026, 20:16

Блок правядзе вучэнні па прымяненні артыкула аб узаемнай дапамозе.

ЕС мае намер адпрацаваць, як ён будзе рэагаваць, калі адна з яго краін падвергнецца нападзенню.

Пра гэта паведамляе Politico са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка ЕС.

У межах першай аперацыі такога кшталту галоўная еўрапейская дыпламатка Кая Калас у наступным месяцы мусіць назіраць за так званымі «настольнымі» вучэннямі, каб высветліць, як на практыцы будзе працаваць палажэнне аб узаемнай дапамозе блока, артыкул 42.7, паведаміў высокапастаўлены чыноўнік ЕС. План палягае ў тым, каб праверыць палітычную, а не ваенную рэакцыю блока.

«Пасля гэтага мы правядзём вучэнні з міністрамі [абароны], каб убачыць, як гэта працуе на практыцы», — сказаў чыноўнік.

Гэты артыкул прадугледжвае, што калі чалец ЕС сутыкаецца з «узброенай агрэсіяй», іншыя чальцы абавязаныя аказаць яму «дапамогу і падтрымку ўсімі даступнымі сродкамі». Артыкул не ўдакладняе, ці ўключае такая дапамога ваенную рэакцыю, і ўтрымлівае фармулёўкі, якія тычацца нейтральных дзяржаў, такіх як Аўстрыя і Ірландыя.

Мадэляванне адбудзецца ў Камітэце ЕС па палітычных пытаннях і бяспецы, у склад якога ўваходзяць уплывовыя дыпламаты ЕС.

Большасць чальцоў ЕС таксама ўваходзіць у НАТА і таму падпадае пад дзеянне артыкула 5 аб узаемнай абароне, які наўпрост згадвае прымяненне ваеннай сілы для аказання дапамогі іншым удзельнікам.

Аднак трансатлантычныя напружанні, у прыватнасці пагрозы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа захапіць Грэнландыю, пахіснулі веру ў артыкул 5 і выклікалі аднаўленне цікавасці да механізмаў бяспекі ЕС.

Яшчэ адным фактарам, які спрыяе цікавасці да артыкула 42.7, з’яўляецца павышаная рызыка нападу на дзяржавы ЕС.

Пасля таго, як у сакавіку Кіпр стаў мішэнню для дронаў, запушчаных з Лівана, менавіта гэтая краіна выказала зацікаўленасць у вывучэнні таго, як артыкул 42.7 будзе працаваць на практыцы, адзначыў высокапастаўлены чыноўнік. На наступным тыдні на Кіпры адбудзецца саміт лідараў ЕС.

Апошнія навіны