Польшча не дапусціць беларускіх плыўцоў да ўдзелу ў чэмпіянаце Еўропы
- 17.04.2026, 20:26
Абмежаванні звязаныя з падтрымкай агрэсіі супраць Украіны.
Польскі саюз плавання выступае супраць рашэння Міжнароднай федэрацыі водных відаў спорту (World Aquatics) аб вяртанні расійскіх і беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў пад нацыянальнымі сцягамі. Спартсмены з гэтых краін не будуць дапушчаныя да ўдзелу ў запланаваным на 2027 год у Польшчы чэмпіянаце Еўропы па скоках у ваду. Пра гэта паведамляе Polskie Radio 24.
Прэзідэнт Польскага саюза плавання Атылія Енджэйчак заявіла, што польскі бок ужо паведаміў адпаведныя органы пра сваю пазіцыю.
«Што да чэмпіянату Еўропы па скоках у ваду, які павінен адбыцца ў Польшчы ў 2027 годзе, я праінфармавала кіраўніцтва еўрапейскай федэрацыі, што — калі, вядома, ваенная сітуацыя не зменіцца, — мы не дапусцім спартсменаў з Расіі і Беларусі да ўдзелу», — паведаміла Атылія Енджэйчак.
Яна дадала, што кіраўніцтва саюза не згоднае з апошнімі рашэннямі міжнародных органаў і з самага пачатку займала ў гэтым пытанні выразную пазіцыю. Восенню мінулага года Енджэйчак была адзінай, хто прагаласавала супраць допуску спартсменаў з Беларусі і Расіі да спаборніцтваў нават пад нейтральным сцягам.
«Мы лічым, што пакуль працягваецца ўзброеная агрэсія Расіі супраць Украіны, ні расіяне, ні прадстаўнікі Беларусі, якая яе падтрымлівае, не павінны ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пад сцягамі гэтых краін. На жаль, пераважная большасць краін Еўропы, а тым больш за межамі кантынента, не падзяляе нашага меркавання ў гэтым пытанні. Рашэнне на ўзроўні сусветнага плавання ўжо прынята, і змяніць яго не ўдасца», — сказала кіраўніца саюза.
Пры гэтым, нягледзячы на нязгоду з рашэннем World Aquatics, Польскі саюз плавання не будзе цалкам байкатаваць міжнародныя спаборніцтвы з удзелам прадстаўнікоў Расіі і Беларусі. Кіраўніцтва хоча такім чынам абараніць польскіх спартсменаў і даць ім магчымасць развівацца.