Жалкі касплэй Лукашэнкі
- Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
- 18.04.2026, 8:56
Навошта Караеў узяўся за вілы?
Кіраўнік Гродзенскай вобласці Юрый Караеў накіраваўся з інспекцыяй у шэраг гаспадарак Воранаўскага раёна. Судзячы па відэа прэс-службы, чыноўнік адкрыта капіюе паводзіны Лукашэнкі: то бярэцца за вілы, то раздае парады, дзе якую яму зараўнаць і як захоўваць сілас.
І нават спрабуе пагладзіць карову, але тая не ацаніла жэст чалавека ў строгім касцюме.
Можна спрачацца, наколькі ўдалым знешне атрымаўся касплэй кіраўніцкіх манераў Лукашэнкі, ажыццёўлены генералам. Але відавочна, што ён асуджаны на правал, калі казаць пра карысць такіх інспекцый для сельскай гаспадаркі, а не пра кар’еру падражальніка.
І на гэта ёсць як мінімум тры прычыны. Па-першае, спробы, хай і высокапастаўленага, але поўнага дылетанта, кіраваць сельскай гаспадаркай у ручным рэжыме завядома правальныя. Прыклад Лукашэнкі тут больш чым наглядны.
Па-другое, кіраўнік і сам капіюе мадэль паводзінаў тыповага савецкага кіраўніка, прагнага да паказухі і пускання пылу ў вочы. Копія завядома неэфектыўнай копіі — гэта ўжо не проста жаласнае відовішча, а гарантаваны пшык.
І па-трэцяе, сама сістэма, якой кіруе Лукашэнка і яго памочнікі-імітартары, за тры дзесяцігоддзі з лішкам даказала сваю нежыццяздольнасць. І будзь ты хоць генералам, хоць гісторыкам, усе гэтыя выхады ў народ з віламі для гэтай сістэмы — як мёртваму прыпаркі.
Арцём Сініцын, «Салідарнасць»