Мачада распавяла пра перамовы аб вяртанні ў Венесуэлу
- 18.04.2026, 20:47
Венесуэльская апазіцыянерка размаўляе пра гэта са ЗША.
Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру Марыя Карына Мачада заявіла, што падтрымлівае «пастаянны кантакт» з прадстаўнікамі адміністрацыі Дональда Трампа і каардынуе сваё вяртанне ў Венесуэлу. Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Паводле слоў Мачады, узаемадзеянне з амерыканскім бокам адбываецца ў фармаце супрацоўніцтва і ўзаемнай павагі. «Я абмяркоўваю гэта з урадам ЗША, і мы дзейнічаем узгоднена», — адзначыла яна на прэс-канферэнцыі ў Мадрыдзе.
Яна дадала, што перамовы былі «падрабязнымі і адкрытымі», аднак значная іх частка застаецца канфідэнцыйнай па ўзаемнай дамоўленасці.
Галоўнай мэтай свайго вяртання Мачада назвала стварэнне «грамадзянскага і арганізаванага» механізму, які дазволіць венесуэльцам выказаць свае імкненні да дэмакратыі, перш за ўсё праз выбарчы працэс.
Палітыкіня таксама падзякавала Трампу, заявіўшы, што ён «падвяргнуў рызыцы жыцці грамадзян ЗША дзеля свабоды Венесуэлы», і пацвердзіла намер перадаць яму Нобелеўскую прэмію міру як «мандат венесуэльскага народа».
Акрамя таго, Мачада раскрытыкавала часовую прэзідэнтку краіны Дэлсі Радрыгес, абвінаваціўшы яе ў тым, што яна прадстаўляе «рэжым, звязаны з хаосам, гвалтам і тэрарызмам».