Трамп склікаў тэрміновую нараду з-за ўльтыматуму Ірана
- 19.04.2026, 8:25
Узнікла верагоднасць новай эскалацыі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп склікаў тэрміновае пасяджэнне ў Сітуацыйным пакоі Белага дома, паколькі існуе пагроза аднаўлення вайны з Іранам ужо праз некалькі дзён.
Пра гэта паведамляе Axios.
Раніцай 18 красавіка Трамп сабраў ключавых чыноўнікаў у Белым доме. Там былі віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс, дзяржсакратар Марка Рубіё, міністр фінансаў Скот Бэсент і міністр вайны Піт Хегсет.
Прычынай тэрміновай нарады стала заява Тэгерана пра закрыццё Армузскага праліва і атакі на караблі. Гэта адбылося менш чым праз суткі пасля аптымістычных прагнозаў Трампа адносна магчымасці ўгоды.
Тэрмін дзеяння рэжыму спынення агню сканчаецца праз тры дні. Паводле амерыканскіх чыноўнікаў, калі ў найбліжэйшы час не будзе дыпламатычнага прарыву, маштабныя баявыя дзеянні могуць аднавіцца ўжо на наступным тыдні.
«Іран трохі раззлаваўся... яны хацелі зноў закрыць праліў. Але гэтая краіна не можа нас шантажаваць», — пазней сказаў Трамп журналістам у Авальным кабінеце.
Нягледзячы на эскалацыю ў праліве, крыніцы адзначаюць, што бакам удалося дасягнуць пэўнага прагрэсу ў пытаннях іранскай ядзернай праграмы, у прыватнасці адносна запасаў узбагачанага ўрану. Цяпер Тэгеран разглядае новыя прапановы ЗША, перададзеныя праз пасярэдніцтва Пакістана.
Трамп адзначыў, што Вашынгтон працягвае перамовы і да канца дня стане зразумела, ці будзе падпісана пагадненне. Ключавую ролю ў пасярэдніцтве адыгрывае камандуючы арміяй Пакістана Асім Мунір, які на гэтым тыдні наведаў Тэгеран.
«Вышэйшы савет нацыянальнай бяспекі Ірана заявіў у суботу, што ЗША прадставілі новыя прапановы падчас перамоў, і Іран іх разглядае, але яшчэ не адказаў», — дадала выданне.