BE RU EN

У Беларусі збіраюцца па-новаму праводзіць перапіс насельніцтва

  • 19.04.2026, 10:30

Што зменіцца?

У Беларусі плануюць унесці змены ў правілы перапісу насельніцтва. Гэта прадугледжана планам падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2026 год, піша «Зеркало».

Улады маюць намер унесці змены, каб «аптымізаваць працэс арганізацыі і правядзення наступнага раўнда перапісу насельніцтва».

Сярод іншага чыноўнікі хочуць замацаваць магчымасць запаўнення рэспандэнтамі перапісных лістоў праз спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне ў інтэрнэце. Яшчэ адна ідэя — знізіць узрост рэспандэнтаў, якія самастойна могуць падаваць персанальныя даныя пра сябе, да 15 гадоў (на дату правядзення перапісу).

«Падрыхтоўка законапраекта дазволіць ліквідаваць прабелы ў прававым рэгуляванні грамадскіх адносін, а таксама вырашыць праблемныя пытанні, што ўзнікаюць пры падрыхтоўцы і правядзенні перапісу насельніцтва», — гаворыцца ў абгрунтаванні да законапраекта.

Раней у Белстаце заявілі, што перапіс насельніцтва Беларусі павінен адбыцца ў кастрычніку 2029 года. Спецыялісты ўжо пачалі падрыхтоўку. Напрыклад, Белстат плануе максімальна выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы даных і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.

Апошнія навіны