Памерла адна з самых знакамітых актрыс Францыі
- 19.04.2026, 10:40
За сваю паўвекавую кар'еру Наталі Бай знялася больш чым у 90 фільмах.
У ўзросце 77 гадоў памерла адна з самых паважаных і пазнавальных актрыс Францыі Наталі Бай. За сваю амаль паўвекавую кар'еру Бай знялася больш чым у 90 фільмах і стала адной з самых тытулаваных актрыс Францыі, піша Бі-бі-сі.
Яна чатыры разы ўдастойвалася прэміі «Сезар» — французскага аналага «Оскара»: двойчы як найлепшая актрыса другога плана (у 1981 і 1982 гадах) і двойчы як найлепшая актрыса (у 1983 і 2006 гадах). У 1999 годзе яна была адзначаная прызам за найлепшую жаночую ролю на Венецыянскім кінафестывалі.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон назваў Бай «актрысай, з якой мы любілі, марылі і раслі», падкрэсліўшы яе выключнае значэнне для нацыянальнай культуры.
«Мы так любілі Наталі Бай. Сваім голасам, усмешкамі і сціпласцю яна суправаджала апошнія дзесяцігоддзі французскага кінематографа, ад Франсуа Труфо да Тоні Маршаль. Актрыса, з якой мы любілі, марылі, раслі», — напісаў Макрон.
Пра яе смерць паведамілі французскія СМІ са спасылкай на заяву сям'і. Паводле слоў сваякоў, актрыса пайшла з жыцця ў сваім доме ў Парыжы ўвечары ў пятніцу, 17 красавіка. У Бай было нейрадэгенератыўнае захворванне — дэмэнцыя з цельцамі Леві.
Актрыса працавала з найбуйнейшымі французскімі рэжысёрамі і шмат здымалася па-за межамі Францыі.
Шырокай аўдыторыі яна запомнілася роляй маці героя Леанарда Ды Капрыа у фільме «Злаві мяне, калі зможаш» рэжысёра Стывена Спілберга. Адна з апошніх роляў Бай — у фільме «Абатства Даўнтан 2» у 2022 годзе.
Наталі Бай нарадзілася ў 1948 годзе ў Нармандыі. Сутыкнуўшыся з цяжкасцямі ў навучанні праз дыслексію, яна пакінула школу ў 14 гадоў і паехала ў Манака вывучаць танец у балетнай школе. Яе акцёрскі прарыў адбыўся ў 1970-я гады дзякуючы супрацоўніцтву з майстрамі французскага кінематографа і рэжысёрамі аўтарскага кіно, такімі як Франсуа Труфо, Марыс Піяла, Клод Сотэ і Жан-Люк Гадар.
Яе называлі музай Труфо, а першы «Сезар» за найлепшую жаночую ролю другога плана Бай атрымала за фільм Жана-Люка Гадара «Ратуйся, хто можа (сваё жыццё)».
Асобнай старонкай яе жыцця сталі адносіны з легендай французскай музыкі Джоні Холідэем, якога часта называлі «французскім Элвісам».
Іх саюз доўжыўся пяць гадоў, а іх дачка Лора Смэ таксама стала вядомай актрысай. Пасля смерці Холідэя ў 2017 годзе Францыя перажывала нацыянальную жалобу.
Калегі і сябры ўзгадваюць Бай як актрысу рэдкай шчырасці і прыроднай харызмы. Ізабэль Аджані назвала Бай «актрысай асляпляльнай спантаннасці», а акцёр Рышар Беры адзначыў, што разам з ёй адыходзяць «смех і ўспаміны пра пачатак шляху».