Еменскія хусіты выставілі свой ультыматум Трампу
- 19.04.2026, 17:40
Яны пагражаюць закрыць яшчэ адзін ключавы марскі праліў.
Намеснік міністра замежных спраў урада хусітаў у Емене пагразіў поўным закрыццём Баб-эль-Мандабскага праліва. Гэты ультыматум выстаўлены прэзідэнту ЗША Дональду Трампу у адказ на «палітыку, якая перашкаджае міру». Заява прагучала на фоне абвастрэння сітуацыі ў іншым ключавым праліве рэгіёна — Армузскім.
Як паведамляе выданне «Настоящее Время», намеснік кіраўніка МЗС урада хусітаў Хусейн аль-Эззі зрабіў жорсткую заяву. Паводле яго слоў, калі такое рашэнне будзе прынятае, то «ўсё чалавецтва і джыны акажуцца цалкам бяссільныя яго адкрыць».
«Таму Трампу — і краінам, што яму спрыяюць, — найлепш неадкладна пакласці канец палітыцы, якая перашкаджае міру, і праявіць павагу да правоў нашага народа і краіны», — заявіў аль-Эззі.
Баб-эль-Мандабскі праліў злучае Чырвонае мора з Аденскім залівам і з’яўляецца адной з найважнейшых транспартных артэрый свету. Праз яго праходзіць каля 12% усіх марскіх перавозак нафты і 8% сусветнага звадкаванага прыроднага газу. Падтрымліваемая Іранам групоўка «Ансар Аллах», больш вядомая як хусіты, кантралюе значную частку Емена, уключаючы сталіцу краіны Сану, што дае ёй магчымасць уплываць на суднаходства ў праліве.
Гэта пагроза прагучала на фоне эскалацыі напружанасці вакол іншага стратэгічнага маршруту — Армузскага праліва, праз які праходзіць больш за 20% сусветных паставак нафты і ЗПГ. 17 красавіка, пасля дасягнення дамоўленасці аб спыненні агню паміж Ізраілем і Ліванам, Іран абвясціў пра адкрыццё праліва. Аднак ужо на наступны дзень Тэгеран зноў яго закрыў, растлумачыўшы гэта тым, што ЗША не спынілі марскую блакаду іранскіх партоў. У той жа дзень стала вядома, што як мінімум два гандлёвыя суда былі абстраляныя пры спробе перасячы Армузскі праліў.