У расійскім цырку тыгр выскочыў за сетку проста на гледачоў
- 19.04.2026, 19:51
Відэа.
Надзвычайнае здарэнне адбылося ў нядзелю, 19 красавіка. Прадстаўленне праходзіла ў перасоўным цырку дынастыі Довгалюк, які прыехаў у Растоў. Як паведамляе мясцовы паблік «Гэта Растоў», падчас нумара з трыма тыграмі адзін з іх пераскочыў праз сетку і апынуўся проста каля першага рада гледачоў.
— Тыгр найперш пабег на вуліцу і праз некалькі секунд забег назад. Людзі запанікавалі, іх пачалі супакойваць і ў першую чаргу пачалі выводзіць рады, якія былі бліжэй да жывёлы. Тыгр бегаў па радах, дзе ўвогуле не было людзей. Потым ужо спакойна выводзілі ўсіх астатніх, — распавёў падпісчык растоўскага пабліка.
Як піша расійскае выданне «Пад'ём», бацькам у растоўскім цырку давялося закрываць сабой дзяцей, пакуль тыгр блукаў паміж радамі. Дрэсіроўшчыкі заклікалі людзей не паддавацца паніцы, сядзець і не рухацца, пакуль драпежніка не зловяць. Дырэктар цырка Мікалай Довгалюк у каментары «Пад'ёму» назваў сваіх тыграў «ручнымі і выхаванымі», а тое, што адбылося, патлумачыў «стэчэннем абставінаў».
— Дрэсіроўшчык надзеў ашыйнік, вывеў да вальера і завёў без інцыдэнтаў. Нельга сказаць, што на 100% пагрозы для гледачоў не было, але гэта ручныя тыгры, то-бок яны выхаваныя, як ручная жывёла. Панікі не было — самае галоўнае, і, адпаведна, праз гэта ніякага інцыдэнту не адбылося, — адзначыў Довгалюк. — Гэта была памылка супрацоўніка і, ведаеце, стэчэнне абставінаў. Нават нельга сказаць, што хтосьці наўпрост вінаваты.
Тым часам МУС Расіі праводзіць праверку па факце надзвычайнага здарэння. Паводле папярэдніх звестак, ніхто не пацярпеў.