BE RU EN

Нафтавыя страты Расіі ад украінскіх удараў па НПЗ — не менш за $2,3 млрд за сакавік

  • 19.04.2026, 21:26

Украінскія дроны спынілі 40% экспарту.

Нафтавыя страты Расіі ад украінскіх атак на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы за сакавік склалі не менш як 2,3 млрд долараў. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

— Нашы далёкабойныя санкцыі працягваюць працаваць — я ўдзячны ўсім нашым воінам за дакладнасць. Толькі за гэты сакавік расійскія нафтавыя страты ад нашай далёкабойнасці ацэньваюцца не менш як у 2,3 млрд долараў. Гэта адзін месяц. Цяпер у красавіку працягваем, — заявіў Зяленскі.

Украінскі лідар таксама пракаментаваў рашэнне ЗША падаўжыць яшчэ на месяц паслабленні ў дачыненні да расійскай нафты.

— На жаль, ёсць чарговае рашэнне Амерыкі аб паслабленні нафтавых санкцый. Ніякай рэальнай карысці для дыпламатыі з гэтага не будзе, і кожны долар ад нафты толькі падштурхоўвае Расію ваяваць далей. Але нават гэтымі грашыма яны ўсё роўна не вырашаць праблемы. Нашы далёкабойныя санкцыі працягваюць працаваць — я ўдзячны ўсім нашым воінам за дакладнасць, — адзначыў Зяленскі.

Нагадаем, Украіна ўжо некалькі месяцаў наносіць прыцэльныя ўдары па расійскіх НПЗ, у выніку чаго ў сакавіку Расія сутыкнулася з сур'ёзнымі перабоямі ў пастаўках нафты: украінскія дроны спынілі 40% экспарту.

Удары працягваюцца. 16 красавіка Узброеныя сілы Украіны ўдарылі па Туапсінскім НПЗ Расіі. А ў ноч на 18 красавіка падраздзяленні Сіл абароны Украіны нанеслі ўдары па чатырох аб'ектах: нафтаперапрацоўчых заводах «Навакуйбышаўскі» і «Сызранскі» ў Самарскай вобласці, нафтаналіўным тэрмінале «РПК-Высоцк „Лукойл-2“» у Ленінградскай вобласці, а таксама нафтаперакачвальнай станцыі «Ціхарэцк» у Краснадарскім краі.

Апошнія навіны