Да Лукашэнкі прыляцеў «чорны лебедзь»
- 2.04.2026, 13:20
Дыктатара чакаюць сур'ёзныя ўзрушэнні.
Нядаўна Белстат падзяліўся статыстыкай, якая наўрад ці спадабалася беларускім уладам: у нашай краіне павялічылася колькасць стратных прадпрыемстваў. Калі на пачатку мінулага года гэта была чвэрць (25,1%) ад агульнай колькасці, то ў студзені 2026-га — амаль трэць (31,9%).
Пры гэтым у Мінску доля стратных кампаній яшчэ вышэйшая, а ў фінансавых стратах найгорш становішча на Гомельшчыне.
Чым тлумачацца такія альтэрнатыўныя поспехі і «адмоўны рост» беларускай прамысловасці, «Філін» пацікавіўся ў эканамічнага аглядальніка Андрэя Махоўскага.
— Увесь мінулы год сітуацыя пагаршалася, — нагадвае эксперт, — у першую чаргу з беларускім экспартам. Фармальна мы прадавалі больш — па грашах, але фізічных аб'ёмаў прадукцыі — менш.
«Горш было толькі ў 90-я»
— Беларусь страчвае найважнейшы для сябе расійскі рынак, даходы падаюць. Па справаздачах было відаць, што найбуйнейшыя беларускія прадпрыемствы, флагманы, не выканалі свае планы па экспарце. Прычым «не выканалі» — гэта вельмі мякка сказана, па сутнасці, правалілі.
БМЗ, Трактарны завод, «Гомсельмаш», БелАЗ… Прадаўваць сваю прадукцыю ім давялося па больш нізкіх цэнах, з другой паловы года пачалі скарачаць вытворчасць, але скарацілі недастаткова і па-ранейшаму вырабляюць больш, чым могуць прадаць. Адпаведна, прыбыткі падаюць, страты растуць. Урэшце прыбыткаў увогуле не застаецца — адны суцэльныя страты.
— А склады не бясконцыя.
— Дарэчы, так: тое, што прамысловасць працуе ўсё горш, мы бачылі ў тым ліку па складах. Загружанасць ужо складае 90% ад месячных аб'ёмаў вытворчасці. Гэта больш, чым было ў найгоршыя гады беларускай эканомікі. Больш, чым у кавідны год. Аказваецца, тады эканоміка яшчэ не працавала на склады, а вось цяпер працуе.
Да гэтага падобны рэкорд быў у 2011 годзе, у перыяд крызісу. Але сёння мы і яго перавысілі. Шчыра кажучы, я проста не памятаю, калі апошні раз склады былі такога памеру — горш, напэўна, толькі ў 90-я.
«Прыляцеў чорны лебедзь»
Продажы беларускіх прадпрыемстваў падаюць, страты растуць. Пры гэтым трэба плаціць заробкі работнікам, а крэдыты, узятыя на пашырэнне і мадэрнізацыю вытворчасці, — вяртаць. Якім чынам? І што могуць зрабіць улады ў такіх умовах — павялічыць адтэрміноўкі па выплатах даўгоў, даць яшчэ грошай (але ж бюджэт не гумавы)?
— Мы ж разумеем, што ніхто не дазволіць закрыцца Трактарнаму заводу, МАЗу або «Гомсельмашу». Таксама ўлады не дазволяць ім скарачаць работнікаў, не плаціць заробак, — кажа Андрэй Махоўскі. — А што яны могуць зрабіць? Напрыклад, нядаўна кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка сказаў, што ўлады пачалі траціць залатавалютныя рэзервы на важныя інвестыцыйныя праекты.
Сэнс рэзерваў якраз у тым, што вы іх не траціце. Як толькі вы пачынаеце іх траціць, укладваць нават у самы прыбытковы інвестпраект — яны ўжо перастаюць быць рэзервамі.
І калі давялося звярнуцца да рэзерваў, значыць, грошай сапраўды не хапае. Давядзецца распячатваць нейкія кубышкі, каб падтрымліваць гэтыя прадпрыемствы.
Эксперт звяртае ўвагу, што бюджэт Беларусі ў 2025 годзе быў выкананы з дэфіцытам у 2 мільярды рублёў. Міністэрства фінансаў, праўда, пахвалілася, што гэты дэфіцыт удвая меншы за запланаваны, але справа ў тым, што беларускі бюджэт заўсёды фарміруецца з запасам, каб потым можна было адзвітацца пра перавыкананне паказчыкаў.
Да гэтага ўсе апошнія гады бюджэт быў прафіцытным, цяпер жа сышоў у мінус. Значыць, ужо летась дзяржава была вымушаная траціць грошы на падтрымку стратных прадпрыемстваў, у тым ліку каб не даць ім закрыцца: ільготныя крэдыты, бюджэтныя субсідыі, адтэрміноўкі па даўгах і іншыя звыклыя для ўлады меры.
— Ад гэтага прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў лепш прадавацца не пачне, ды і расійскай эканоміцы робіцца горш. Што нас чакае, калі ўсё гэта працягнецца?
— Ёсць выдатнае даследаванне Дзмітрыя Крука на гэты конт — што будзе з беларускай эканомікай: стагнацыя. І да апошняга часу можна было казаць, што нічога катастrafічнага не адбудзецца: будзе мінімальны рост ВУП, або росту не будзе, або нават адбудзецца яго зніжэнне. Увогуле, можна было амаль упэўнена казаць, што нас чакае павольнае загніванне.
Але тут прыляцеў «чорны лебедзь» у выглядзе іранскай вайны. Таму цяпер узнік ненулявая рызыка таго, што гэта будзе не стагнацыя, а больш сур'ёзны крызіс. Верагоднасць усё яшчэ вельмі нізкая, бо вайна пакуль ідзе нядоўга, і калі яна не зацягнецца, то моцна гэта на беларускую эканоміку не паўплывае. Але, паўтаруся, такая рызыка ёсць, і чым даўжэй цягнецца вайна ў Іране, тым яна вышэйшая.