ISW абверг заявы Герасімава
- 2.04.2026, 10:21
Мінабароны РФ схлусіла.
1 красавіка Міністэрства абароны Расіі ў трэці раз за час поўнамаштабнага ўварвання заявіла, што расійскія войскі нібыта захапілі ўсю Луганскую вобласць. Ці адпавядае гэтая заява рэчаіснасці, прааналізаваў Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі ISW нагадваюць, што расійскія войскі кантралююць большую частку Луганскай вобласці яшчэ з кастрычніка 2022 года. Аднак станам на 1 красавіка 2026 года доказы, якія ISW сабраў з адкрытых крыніц, дазваляюць ацаніць, што расійскія войскі цяпер кантралююць 99,84% Луганскай вобласці, аднак не захапілі населеныя пункты Надыя і Новаегараўка, размешчаныя на ўсход ад Баравой Харкаўскай вобласці. [Абодва гэтыя населеныя пункты застаюцца свабоднай «зялёнай» зонай і на картах DeepState — прым. рэд.]
ISW канстатуе, што за гады вайны расійскія чыноўнікі ўжо неаднаразова заяўлялі пра поўны захоп Луганскай вобласці. Яшчэ ў ліпені 2022 года тагачасны міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу упершыню заявіў, што расійскія войскі захапілі рэгіён. А Леанід Пасечнік, марыянетка Крамля на акупаванай частцы Луганскай вобласці, зноў заявіў тое самае ў чэрвені 2025 года. Пазней, у кастрычніку 2025 года, расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін заяўляў, што ўкраінскія войскі ўтрымліваюць пазіцыі толькі на 0,13% Луганскай вобласці.
Са свайго боку, спецыялісты ISW тлумачаць, што расійскія войскі кантралююць большую частку Луганскай вобласці з восені 2022 года, калі лінія фронту ў гэтым раёне стабілізавалася пасля Харкаўскага контрнаступу Украіны. Таму заявы Крамля ў 2025 і 2026 гадах пра нібыта поўны захоп рэгіёна перабольшваюць нязначныя змены на фронце ў Луганскай вобласці, каб стварыць ілжывае ўражанне, што акупацыйныя войскі хутка прасоўваюцца на розных участках поля бою.
Гэтыя перабольшаныя заявы Крамля пра захоп Луганскай вобласці з'яўляюцца часткай больш шырокай скаардынаванай інфармацыйнай кампаніі РФ, падкрэслівае Інстытут вывучэння вайны. Мэта гэтай кампаніі — стварыць ілжывае адчуванне тэрміновасці, каб прымусіць Украіну ўступіць неакупаваныя часткі Данецкай вобласці. Таму новая заява Мінабароны Расіі пра нібыта поўны захоп Луганшчыны з'яўляецца часткай кагнітыўнай вайны Крамля, скіраванай на тое, каб заяўляць пра ўкраінскую абарону «на мяжы краху» і падштурхнуць Злучаныя Штаты і іншых партнёраў Кіева прымусіць Украіну бязпадстаўна ўступіць тэрыторыю, якую расійскія войскі наўрад ці здольныя захапіць сілай у сярэднетэрміновай перспектыве — калі ўвогуле здольныя.