BE RU EN

Бітва за Беларусь працягваецца

  • 2.04.2026, 10:29

Мы — асобная, паўнавартасная і самадастатковая нацыя.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі у артыкуле для «Позірк» выказаў меркаванне, што беларуская нацыя працягвае супраціўляцца імперскай Расіі, нягледзячы на ўсе намаганні Крамля:

— Лукашэнка гатовы ахвяраваць цэлымі кавалкамі суверэнітэту дзеля таго, каб у прынцыпе захаваць сваё крэсла. Што асабліва наглядна прадэманстраваў у 2020-м, калі, спалохаўшыся народнага паўстання, пачаў прасіць Пуціна аб дапамозе.

Годам раней, у 2019-м, беларускі аўтакрат люта адбіваўся ад прапанаваных Масквой «дарожных карт паглыблення інтэграцыі», моцна пасварыўся на гэтай глебе са «старэйшым братам».

Але калі грымнулі пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў, ён аддаў перавагу загнаць сваю краіну ў яшчэ большую залежнасць ад Крамля, чым сысці з пасады, за якую нібыта «не трымаецца пасінелымі пальцамі». І паслухмяна падпісаў два пакеты «саюзных праграм» — перакроеных «дарожных карт».

Пасля 2020-га Расія рэзка ўзмацніла сваю прысутнасць у Беларусі: тактычная ядзерная зброя, «Арэшнік», новыя «Рускія дамы» і іншыя элементы імперскай экспансіі.

Небяспека паўзучай русіфікацыі вялікая. Але ўсё ж тры з паловай дзесяцігоддзі незалежнасці зрабілі сваю справу.

Як ні надрываецца з кожнага праса вялікадзяржаўная прапаганда, імперскі рэваншызм для масы беларусаў чужы. Сацыялогія фіксуе фенаменальны для палітычна расколатага грамадства кансенсус у пытанні, ці павінна беларуская армія ваяваць за Расію ва Украіне. Гучыць дружнае «не».

Палітолаг звяртае ўвагу на сацыялагічныя апытанні — толькі 3% рэспандэнтаў выказваюцца за далучэнне да Расіі:

— Тры дзесяцігоддзі таму «вялікія інтэгратары» Лукашэнка і Ельцын прызначылі на 2 красавіка спецыяльнае свята — «Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі». Але беларусы, як бачым, не жадаюць злівацца ў экстазе з ваяўнічай вялікай суседкай.

Так, імперыя сёння ў шавіністычным угары, яе аскал страшны, кіпцюры хваткія, небяспека вялікая. Але ў беларускім грамадстве, пры ўсёй розніцы палітычных поглядаў, відавочна пераважае ўсведамленне, што мы — асобная, паўнавартасная і самадастатковая нацыя, а не «галінa трыадзіннага народа».

І калі так, то бой за незалежную Беларусь яшчэ не прайграны.

Апошнія навіны