Кошт бензіну ў Беларусі можа вырасці яшчэ мацней
- 2.04.2026, 11:07
Для гэтага ёсць шэраг прычын.
27 сакавіка «Белнафтахім» абвясціў пра павышэнне цэн на паліва ў два этапы, усяго — на 7 капеек за літр. Эканамістка Анастасія Лузгіна сказала «Белсату», што, відаць, гэта не канец, і растлумачыла, чаму сёлета цэны могуць вырасці яшчэ.
Вайна ў Іране справакавала падаражанне нафты на сусветным рынку, а следам — і маторнага паліва. Але ў Беларусі кошт бензіну не вырас адразу. У пачатку сакавіка эканамістка Даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна спрагназавала, што паліва ўсё ж падаражэе і ў нас, і гэты прагноз збыўся: 27 сакавіка «Белнафтахім» абвясціў пра «паэтапную карэкціроўку рознічных цэн на аўтамабільнае паліва».
Гэтакая далікатная фармулёўка, відаць, прызваная прыўпрыгожыць суровую рэчаіснасць: з 28 сакавіка літр паліва падаражэў на 4 капейкі, а з 4 красавіка цана вырасце яшчэ на 3 капейкі. У выніку цэны дададуць 3% і будуць наступныя:
АІ-92 – 2,57 рубля;
АІ-95 – 2,67 рубля;
АІ-98 – 2,89 рубля;
дызельнае паліва – 2,67 рубля.
Цяпер Лузгіна кажа, што гэта, відаць, не апошні рост цэн на паліва. Яна нагадала, што летась бензін і салярка падаражэлі на 16 капеек (ці на 6,5%), хаця з нафтай усё было стабільна:
«Цалкам верагодна, што на гэтым працэс не спыніцца, будзе яшчэ павышэнне. Трэба ўлічваць, што і ў 2024-м, і ў 2025-м цэны на бензін таксама раслі, а, напрыклад, мінулы год у плане цэн на нафту быў стабільны, там ніякіх сур'ёзных скачкоў не адбывалася».
Па словах эксперткі, паліва сёлета ў Беларусі павінна было б падаражаць і без нафтавага крызісу:
«Тут адыгрывае ролю не толькі кошт самой нафты, тут і абслугоўванне, і лагістыка, заробкі растуць. Выдаткі павялічваюцца — і цана можа крыху змяняцца».
І да такіх «звычайных» падстаў дадаецца канфлікт на Блізкім Усходзе, які падштурхоўвае большы рост цэн на паліва:
«Хутчэй за ўсё, цяперашнія плюс 3% — гэта не мяжа росту. Цалкам верагодна, што мы яшчэ ўбачым на працягу красавіка–мая такое паступовае павышэнне, можа, на 2–3 капейкі».
Усё ж шмат што будзе залежаць ад працягласці вайны ў Іране і перашкод у Армузскім праліве для танкераў:
«Калі гэта будзе доўжыцца не месяц, а два-тры-чатыры, то верагоднасць далейшага падаражання бензіну захаваецца і павялічыцца, бо расійская нафта таксама даражэе, яна становіцца даражэйшай для нафтаперапрацоўчых заводаў».
Падступнасць падаражання паліва ў тым, што яно падштурхоўвае агульную інфляцыю. Бензін або салярка патрэбныя амаль у любой дзейнасці: напрыклад, завезці тавары ў краму, або цэглу на будоўлю, або нейкія дэталі на завод, або тое ж паліва на АЗС, не кажучы ўжо пра аўтобусы, маршруткі і таксі. У выніку ў кампаній растуць выдаткі, канстатавала Лузгіна:
«Безумоўна, любое падаражанне бензіну будзе пераносіцца ў сабекошт прадукцыі або паслугі, хоць і ў межах дзеючага рэгулявання цэн. Цяперашняе падаражанне паліва — не такое, каб занадта вялікае пакуль, аднак паступова гэта, вядома, будзе пераносіцца ў спажывецкія цэны».
Пакуль інфляцыя ў Беларусі не выйшла за акрэсленыя ўладамі межы: у лютым цэны выраслі на 5,6% у гадавым вымярэнні пры мэце не больш за 7% у гэтым годзе.