У Рэчыцкім раёне прайшлі дзіўныя вучэнні
- 2.04.2026, 17:16
Што выклікае здзіўленне?
Газета Рэчыцкага райвыканкама «Дняпровец» паведамляла ў сацсетцы пра тое, што з 9:00 1 красавіка да 12:00 2 красавіка Міністэрства ўнутраных спраў разам з асабовым складам вайсковых частак праводзіць комплексныя вучэнні ў лясным масіве паблізу населенага пункта Якімаўка Рэчыцкага раёна, заўважыў «Флагшток».
Удакладнялася, што падчас правядзення вучэнняў прадугледжаны рух тэхнікі — грамадзян прасілі захоўваць спакой і папярэджвалі, што «ніякіх дзеянняў ад насельніцтва не патрабуецца».
Падрабязнасцяў пра вучэнні, якія правялі ўжо пасля «камплекснай праверкі» Узброеных Сіл, раней абвешчанай Лукашэнкам, пакуль не з'явілася.
Выклікае здзіўленне тое, што МУС праводзіла вучэнні сумесна з вайскоўцамі. Магчыма, ішлося пра ўдзел у мерапрыемстве не супрацоўнікаў РАУС, а ўнутраных войскаў, якія ўваходзяць у структуру МУС.
Звяртае на сябе ўвагу той факт, што вучэнні праводзілі ў раёне Якімаўкі, дзе якраз цяпер, паводле інфармацыі «Флагштока», вядзецца будаўніцтва ваеннага палігона. На месцы яго ўзвядзення да канца сакавіка павінны былі завяршыць вырубку і карчаванне дрэў. Але, як паказваюць спадарожнікавыя здымкі, гэтыя працы яшчэ не завершаныя.
Нагадаем, на чыгуначнай станцыі Якімаўка ёсць шляхі для саставаў, якія перавозяць небяспечныя грузы. Тут жа прадугледжваецца будаўніцтва грузавой платформы, дзякуючы якой можна будзе выгружаць і загружаць ваенную тэхніку.