BE RU EN

Пуцін прайграе ўжо сёння

  • Уладзімір Вятровіч
  • 2.04.2026, 21:27

Яго стратэгія — памылковая.

Місія невыканальная.

Пуцін не можа перамагчы ў вайне супраць украінцаў. Не праз недахоп рэсурсаў — а праз саму мэту, якую ён сабе паставіў: ліквідаваць украінцаў як асобную нацыю. Частку — фізічна знішчыць, іншую — прымусіць адмовіцца ад уласнай ідэнтычнасці дзеля выжывання. Такая мэта выразна праступае з яго заяў і дзеянняў. І гэта — нерэалізуемая стратэгія.

Фактычна Пуцін спрабуе працягнуць місію аднаго са сваіх натхняльнікаў — Сталіна. Той таксама ясна ўсведамляў, што існаванне ўкраінцаў як нацыі з'яўляецца пагрозай імперыі. Але нават Сталіну не ўдалося дасягнуць гэтай мэты, нягледзячы на значна больш спрыяльныя ўмовы: большасць украінцаў ужо знаходзілася ў межах яго дзяржавы, здольнай на масавы тэрор. Большасць, але не ўсе. Частка заставалася па-за межамі яго дасяжнасці. А спроба «дарабіць справу» на тэрыторыях, далучаных пасля 1939 года, наткнулася на актыўны, працяглы і добра арганізаваны супраціў. Яго ўдалося падавіць — але коштам знясілення, якое падарвала імперыю. Яна пачала трашчаць адразу пасля смерці Сталіна. Урэшце памяць пра гэты супраціў стала адным з чыннікаў яе распаду.

У Пуціна няма нават такіх магчымасцяў. Ён не кантралюе тэрыторыю, дзе жыве большасць украінцаў. Таму сваю стратэгію ён здольны рэалізоўваць толькі на акупаваных землях — і ён гэта робіць. Гэта жудасна і балюча для нас, але гэтага яму недастаткова.

Больш за тое — сама пагроза знішчэння мабілізуе большасць украінцаў, прабуджае частку тых, хто заставаўся абыякавым да ўласнай ідэнтычнасці. Яна надае сіл, кансалідуе грамадства і робіць рэалізацыю плана яшчэ менш верагоднай. Гэта пагроза таксама знішчае інструменты «мяккай сілы», якія Расія гадамі да пачатку вайны ў 2014 годзе паспяхова выкарыстоўвала для русіфікацыі.

Таму Пуцін прайграе ўжо сёння.

І прайграе канчаткова менавіта таму, што яго стратэгія — памылковая, пабудаваная на нерэалістычнай мэце. А такія стратэгіі заўсёды вядуць да паразы. Магчыма, не так хутка, як нам бы хацелася. Але непазбежна. І ніякія змены тактыкі (якіх насамрэч няшмат) гэтага не зменяць. Таму трымаемся, ўкладаемся ў агульную справу перамогі — і мы дачакаемся краху імперыі.

Уладзімір Вятровіч, Facebook

Апошнія навіны