Зяленскі пракаментаваў паразу Орбана
- 20.04.2026, 10:00
Прэм'ер Венгрыі абапіраўся на рыторыку нянавісці.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што венгерскі прэм'ер Віктар Орбан і яго партыя «Фідэс» прайгралі выбары праз пабудову кампаніі на тэме нянавісці да Украіны. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю, якое трансляваў тэлемарафон «Адзіныя навіны», паведамляе «Еўрапейская праўда».
Паводле слоў Зяленскага, немагчыма пастаянна выйграваць выбары, абапіраючыся на рыторыку нянавісці.
«Я шмат разоў гэта казаў, са мной не пагаджаліся многія лідары. На нянавісці нельга выйграваць пастаянна. Можна тактычна выйграць, але стратэгічна — дакладна прайграць. Выбары ў Венгрыі — гэта стратэгічны правал Орбана», — заявіў ён.
Зяленскі адзначыў, што спрабаваў наладзіць дыялог з урадам Орбана, нават нягледзячы на крытыку на ягоны адрас і кампанію з «білбордамі нянавісці».
«Я казаў, што належу да выбару народа Украіны. Нянавісць да мяне — гэта праекцыя нянавісці да ўкраінцаў. Ён пабудаваў сваю кампанію на нянавісці да ўкраінцаў, а венгры паказалі: мы з гэтым не згодныя», — дадаў прэзідэнт Украіны.
Пасля паразы партыі дзеючага прэм'ер-міністра Венгрыі на выбарах 12 красавіка ў Еўрасаюзе выказалі надзею на разблакаванне фінансавай дапамогі Украіне ў памеры 90 млрд еўра, а таксама 20-га пакета санкцый супраць Расіі.
Раней паведамлялася, што Віктар Орбан блакаваў гэтыя ініцыятывы, абвінавачваючы Украіну ў спыненні транзіту расійскай нафты па нафтаправодзе «Дружба».
Будучы прэм'ер-міністр Венгрыі Пэтер Мадзяр, са свайго боку, заявіў, што не будзе блакаваць крэдыт Еўрасаюза для Украіны, аднак адзначыў, што Венгрыя не будзе ўдзельнічаць у яго фінансаванні.