Цім Кук сыходзіць з пасады генеральнага дырэктара Apple
- 21.04.2026, 8:54
Стала вядома, хто яго заменіць.
Цім Кук пакіне пасаду CEO Apple і пяройдзе на пасаду выканаўчага старшыні рады дырэктараў. Яго зменіць Джон Тэрнус, які цяпер займае пасаду старшага віцэ-прэзідэнта па распрацоўцы апаратнага забеспячэння. Пра гэта кампанія абвясціла вечарам 20 красавіка.
У заяве Apple адзначаецца, што гэта рашэнне, адзінадушна падтрыманае радай дырэктараў, стала вынікам доўгатэрміновага і старанна прадуманага плана пераемнасці. Тэрнус афіцыйна ўступіць на пасаду генеральнага дырэктара 1 верасня.
Кук назваў працу на чале кампаніі «найвялікшай прывілеяй» і падзякаваў камандзе за сумесную працу над прадуктамі, што паляпшаюць жыццё карыстальнікаў.
Кук працуе ў Apple з 1998 года і ўзначаліў кампанію ў 2011-м пасля сыходу Стыва Джобса. За больш чым 14 гадоў пад яго кіраўніцтвам рынкавая капіталізацыя Apple вырасла з прыкладна 350 млрд да 4 трлн долараў, а выручка — са 108 млрд да 416 млрд долараў у апошнім фінансавым годзе. Пры ім кампанія прадставіла такія прадукты, як Apple Watch, AirPods і Apple Vision Pro, а таксама развіла сэрвісы накшталт iCloud, Apple Pay, Apple TV і Apple Music. Цяпер Ціму Куку 65 гадоў.