Міністр замежных спраў Літвы заклікаў узмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі
- 21.04.2026, 13:00
У прыватнасці — з-за ЕГУ.
Пра неабходнасць рэагаваць на дзеянні рэжыму Лукашэнкі заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс 21 красавіка ў Люксембургу перад пасяджэннем Савета ЕС па замежных справах.
Паводле яго слоў, Мінск узмацняе напружанасць на межах. Ён нагадаў, што нядаўна Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які працуе ў Вільні, у Беларусі быў абвешчаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».
Будрыс падкрэсліў, што гэтае рашэнне фактычна робіць мішэнню выкладчыкаў, студэнтаў і іх сем’і, якія знаходзяцца за межамі краіны.
«Мы павінны на гэта рэагаваць. І як мы можам рэагаваць? Ціснуць на рэжым і пазбаўляць яго магчымасці выкарыстоўваць глабальныя працэсы для ўзмацнення пагроз нашай бяспецы», — заявіў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.
Перад пасяджэннем у МЗС Літвы паведамілі, што Будрыс мае намер заклікаць ЕС да адказных мер у дачыненні да Мінска з-за прызнання ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» і дамагацца вынясення гэтага пытання на еўрапейскі ўзровень.
Таксама, паводле звестак ведамства, можа ісціся пра санкцыі супраць беларускіх службовых асобаў, датычных да прыняцця гэтага рашэння, а таксама пра дадатковую падтрымку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.