Японія адмяніла абмежаванні на экспарт летальнай зброі
- 21.04.2026, 16:36
Рашэнне ўжо назвалі «гістарычным паваротам».
Урад Японіі перагледзеў правілы прымянення трох прынцыпаў перадачы абароннай тэхнікі, фактычна адкрыўшы магчымасць для экспарту летальнай зброі, уключаючы знішчальнікі і эсмінцы, піша Kyodo News.
Згодна з новымі прынцыпамі ўрад будзе абавязаны паведамляць парламент пра любыя рашэнні Савета нацыянальнай бяспекі адносна экспарту.
Экспарт зброі будзе абмежаваны 17 краінамі, якія падпісалі з Японіяй пагадненні аб перадачы абароннага абсталявання і тэхналогій, уключаючы Філіпіны і Інданезію. Экспарт у краіны, дзе ідуць баявыя дзеянні, забаронены, але можа быць зроблена выключэнне для «асаблівых абставін»: пастаўкі ўхваляць, калі саюзніку «патрэбнае такое абсталяванне».
Прэм’ер-міністр Японіі Санаэ Такаіці заявіла, што шлях краіны як мірнай дзяржавы на працягу больш за 80 пасляваенных гадоў застаецца нязменным. «У межах новай сістэмы мы будзем стратэгічна прасоўваць перадачу абароннай тэхнікі, прымаючы рашэнні аб магчымасці такой перадачы яшчэ больш строга і ўзважана», — напісала яна.
Financial Times называе гэта «гістарычным паваротам» у палітыцы Японіі, абумоўленым тым, што краіна лічыць бягучую сітуацыю ў сферы бяспекі «найбольш сур’ёзнай» з часоў Другой сусветнай вайны.