У Мінску запусцяць адзіны сэрвіс для кіроўцаў
- 21.04.2026, 19:19
Чыноўнік распавёў, што з яго дапамогай можна будзе зрабіць.
Да 2027 года ў Мінску збіраюцца запусціць адзіны сэрвіс для кіроўцаў — з яго дапамогай можна будзе знайсці паркоўку, заключыць дагавор на гарадскую аўтастаянку, выклікаць эвакуатар або паскардзіцца на пакінуты ў двары аўтамабіль. Пра гэта распавёў генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Андрэй Зырянаў, перадае БелТА.
Новая сістэма мае афіцыйную назву «Захоўванне, паркоўка транспартных сродкаў і кіраванне паркавальнымі прасторамі». Паводле слоў Зырянава, яна аб’яднае адразу некалькі напрамкаў: кіраванне платнымі паркоўкамі, працу з гарадскімі аўтастаянкамі (іх у Мінску больш за 110), фіксацыю парушальнікаў правілаў прыпынку і стаянкі, а таксама працу эвакуатараў. На гарадскіх стаянках, як абяцаюць, можна будзе дыстанцыйна заключаць дамовы і бачыць, ці ёсць свабодныя месцы.
Распрацоўкай займаецца Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама. Сэрвіс убудуюць у экасістэму «Разумнага горада» — прыкладання, якое аб’ядноўвае розныя гарадскія функцыі.
— У прыкладанні «Разумны горад» будзе і спасылка на гэты сэрвіс. Адкрываючы мапу Мінска і ўводзячы лакцыі па паркоўках, карыстальнік трапіць на гэты інфармацыйны сэрвіс, дзе зможа выбраць патрэбную функцыю: паставіць машыну на паркоўку, размясціць на стаянцы на захоўванне, выклікаць эвакуатар, калі чыясьці машына перашкаджае, або паведаміць пра транспартны сродак, які доўга стаіць у двары. Усё гэта будзе ў межах адзінага сэрвісу «Разумны горад», — патлумачыў Зырянаў.
Поўнасцю сэрвіс павінен запрацаваць у другім квартале 2027 года. Карыстацца ім можна будзе праз сайт або мабільнае прыкладанне.
Асобна Зырянаў адзначыў, што паскардзіцца на пакінутую ў двары машыну мінчане могуць і цяпер — па нумары 115. Паводле яго слоў, людзі актыўна тэлефануюць, і на заяўкі адразу рэагуюць. Але ўсё адно хутка пазбавіцца ад аўтахламу ў двары немагчыма: спачатку ўладальніку накіроўваюць паведамленне і месяц чакаюць рэакцыі. Толькі потым аўто перамяшчаюць на ахоўваемую стаянку яшчэ на тры месяцы, і пасля запускаецца судовая працэдура прызнання машыны бясгаспадарчай.
Акрамя таго, чыноўнік паведаміў, што ў Мінску да канца года плануюць дадаць каля 10 тыс. новых паркавальных месцаў, у тым ліку ў зонах платнай паркоўкі. І нагадаў, што з сакавіка 2026 года запрацавала мабільнае прыкладанне parkouka.by, у якім можна аплаціць паркоўку. Сэрвіс працуе па папярэдняй аплаце і прымае, у тым ліку, замежныя банкаўскія карты. Іншы спосаб аплаты — праз СМС, інфармацыя размешчаная на стэндах на кожнай платнай паркоўцы.