Зюганаў падтрымаў Боню і заявіў пра пагрозу рэвалюцыі ў РФ, як у 1917 годзе
- 21.04.2026, 20:32
«Прывід рэвалюцыі» блукае па Расіі?
Блогерка Вікторыя Боня, што выступіла з рэзанансным зваротам да дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна, падняла пытанні, якія ўжо ўзнімалі камуністы ў Дзярждуме, — заявіў на пленарным пасяджэнні ніжняй палаты ў аўторак кіраўнік КПРФ Генадзь Зюганаў.
Паводле яго слоў, у Расіі можа паўтарыцца сітуацыя 1917 года з-за «эканомікі, што правалілася да дна», — заявіў лідар КПРФ Генадзь Зюганаў падчас выступлення ў Дзярждуме 21 красавіка.
«Я ўчора паглядзеў, ёсць такая дама, завуць яе Боня Вікторыя. Яна звярнулася наўпрост да прэзідэнта, але з Манака. Яна пералічыла ўсе пытанні, якія тут ставіліся, і вы чулі. І чаму ў Анапе брудная пляма, і чаму не адрэагавалі своечасова на дапамогу Дагестану і Чачэнскай Рэспубліцы», — сказаў Зюганаў.
Ён дадаў, што яго партыя «робіць усё» для падтрымкі стратэгіі Уладзіміра Пуціна, але ў Крамлі «не чуюць», затое пачулі Боню. «Мы вам дзесяць разоў казалі — эканоміка непазбежна праваліцца. Увесь першы квартал праваліўся да дна. Калі вы тэрмінова не прымяце меры фінансава-эканамічныя і іншыя, дык восенню нас чакае тое, што адбылося ў 17-м годзе. Мы не маем права гэта паўтараць», — заявіў кіраўнік КПРФ.
На мінулым тыдні былая ўдзельніца «Дома-2» запісала відэазварот «ад імя народа» на адрас Уладзіміра Пуціна і папярэдзіла, што цярпенне людзей можа лопнуць, як спружына. Яна пералічыла пяць ключавых праблем, у тым ліку паводку ў Дагестане, мазутныя выкіды каля ўзбярэжжа Анапы і блакаванні інтэрнэту, дадаўшы, што паміж расіянамі і Пуціным узнікла «тоўстая сцяна», а грамадзяне «баюцца» прэзідэнта. «Людзі губляюць грошы» і актыўна «гугляць, яндэксяць», як з'ехаць з Расіі. «Гэта цяпер адзін з самых папулярных запытаў… Да вас даносяць не тую інфармацыю. Людзі сёння вельмі пакутуюць», — заяўляла блогерка.
Пасля гэтага прэс-сакратар дыктатара РФ Дзмітрый Пяскоў заяўляў, што ў Крамлі бачылі зварот Боні, адзначаючы, што закранутыя блогеркай пытанні — рэзанансныя. «Справядлівасці дзеля, па іх вядзецца вялікая праца, задзейнічана вялікая колькасць людзей. Гэта ўсё не пакінута без увагі», — гаварыў ён.