BE RU EN

Праваабарончы цэнтр «Вясна» пераехаў у Польшчу

  • 21.04.2026, 20:40

Раней асноўны офіс праваабарончай арганізацыі месціўся ў Вільнюсе.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» цяпер будзе весці пастаянную працу з Варшавы, куды пераехала большасць ягонай каманды. Раней асноўны офіс «Вясны» месціўся ў Вільнюсе. Пра фактычны пераезд распавёў кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі на ўрачыстасці з нагоды 30-годдзя «Вясны», якая адбылася 21 красавіка ў Музеі Вольнай Беларусі ў польскай сталіцы, перадае «Зеркало».

Алесь Бяляцкі адзначыў, што апошнія пяць гадоў, якія ён і некалькі ягоных калег правялі ў турме, а арганізацыі давялося весці дзейнасць з-за мяжы, былі вельмі цяжкімі, але «Вясне» ўдалося выжыць, больш за тое — прыйшло шмат новых людзей, з’явілася цэлае новае пакаленне «вясноўцаў».

Цяпер, паводле яго слоў, каманда раскіданая па розных краінах, частка засталася ў Вільнюсе, але большасць цяпер працуе з Варшавы.

Нагадаем, заснавальнік цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру 2022 года за сваю шматгадовую дзейнасць па абароне правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. 14 ліпеня 2021 года за тую ж дзейнасць Бяляцкага затрымалі беларускія сілавікі і пазней ён атрымаў 10-гадовы турэмны тэрмін. 13 снежня 2025 года палітзняволенага вызвалілі і прымусова вывезлі з Беларусі. Пасля гэтага ўлады анулявалі яго пашпарт, дзейны да 2028 года.

Апошнія навіны