Кіраўнік СК Расіі даручыў пачаць праверку дзіцячых кніг «38 папугаяў», «Шкодныя парады» і «Кацяня па мянушцы Гаў»
- 21.04.2026, 22:40
Аляксандр Бастрыкін лічыць, што дзіцячыя кнігі ўтрымліваюць «сумнеўныя ўстаноўкі».
Кіраўнік Следчага камітэта РФ Аляксандр Бастрыкін даручыў пачаць праверку твораў дзіцячага пісьменніка Рыгора Остэра, паведамляе прэс-служба СК.
Творы Остэра, сярод якіх — «Шкодныя парады», «38 папугаяў» і «Кацяня па мянушцы Гаў», паводле меркавання СК, утрымліваюць «сумнеўныя з педагагічнага пункту гледжання ўстаноўкі», а іх праверка звязаная з неабходнасцю «выяўляць непаўналетніх на стадыі падрыхтоўкі злачынстваў».
Гэта адна з «ключавых мер супрацьдзеяння крыміналізацыі падлеткавага асяроддзя», гаворыцца ў паведамленні СК. Ведамства падкрэслівае, што творы Остэра абмяркоўваліся на пасяджэнні Каардынацыйнага савета ведамства па пытаннях аказання дапамогі дзецям, пацярпелым у выніку гуманітарных катастроф, стыхійных бедстваў, тэрарыстычных актаў і ўзброеных канфліктаў. Удзельнікі пасяджэння таксама звярнулі ўвагу на «кітайскі досвед распрацоўкі сістэмы кантролю алгарытмаў для адсочвання і абмежавання» небяспечнага кантэнту.
Даручэнне Бастрыкіна тычыцца цыкла вершаў Остэра «Шкодныя парады», удакладнілі ТАСС у прэс-службе СК. Гэтая кніга — адна з найбольш вядомых кніг Остэра. У ёй дзецям у гумарыстычнай форме прапануецца рабіць усё наадварот — напрыклад, не мыць рукі, не стрыгчы пазногці або маляваць на шпалерах. Акрамя «Шкодных парад», пісьменнік таксама вядомы сваімі сцэнарыямі да мультфільмаў «Папаўся, які кусаўся!» і «Малпачкі».
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў расійскія бібліятэкі і кнігарні пачалі паступаць спісы кніг, не рэкамендаваных да распаўсюджвання. У пералікі пераважна траплялі аўтары, што выступілі супраць вайны, а таксама прызнаныя Мінюстам РФ «замежнымі агентамі».