НАСА далучылася да расследавання серыі знікненняў навукоўцаў у ЗША
- 22.04.2026, 4:00
Шэраг «загадкавых смерцяў і знікненняў» пачаўся ў 2023 годзе.
НАСА супрацоўнічае з федэральнымі агенцтвамі ў расследаванні знікненняў і смерцяў 11 ядзерных навукоўцаў і астранаўтаў у ЗША за апошнія гады. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка НАСА Бэтані Стывенс.
«На дадзены момант нічога, што звязана з НАСА, не паказвае на пагрозу нацыянальнай бяспецы. Агенцтва імкнецца да празрыстасці і будзе прадстаўляць больш інфармацыі па меры яе паступлення», — напісала спадарыня Стывенс у сацсетцы X.
Шэраг «загадкавых смерцяў і знікненняў» пачаўся ў 2023 годзе са смерці Майкла Дэвіда Хікса, піша CNN. Ён прапрацаваў у Лабараторыі рэактыўнага руху НАСА амаль 25 гадоў. Большасць зніклых навукоўцаў звязаная з ядзернай навукай і касмічнымі даследаваннямі, некаторыя — з вывучэннем неапазнаных анамальных з’яў.
Старшыня камітэта Палаты прадстаўнікоў па наглядзе Джэймс Комер казаў, што ў справе можа быць замешана «нешта злавеснае». Улады пакуль не ўстанавілі ніякай сувязі паміж інцыдэнтамі. ФБР расследуе справу сумесна з Мінэнерга, Мінабароны, праваахоўнымі органамі штатаў і мясцовымі органамі ўлады. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў высветліць прычыны інцыдэнтаў у найбліжэйшы час.