Бронза з залатым адлівам: беларус стаў прызёрам чэмпіянату Еўропы па барацьбе
- 22.04.2026, 11:41
У паўфінале адбыўся рэзанансны інцыдэнт.
Беларус Павел Глінчук стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы па барацьбе, які праходзіць у албанскай Тыране, піша Tochka.by.
На папярэдняй стадыі ў вагавой катэгорыі да 130 кг наш атлет упэўнена перамог барцоў са Швецыі (7:1) і Італіі (8:0), пасля чаго ў паўфінале адбыўся рэзанансны інцыдэнт.
Як паведамляе прэс-служба Беларускай федэрацыі барацьбы, Павел Глінчук быў дыскваліфікаваны па выніках паядынку супраць іменітага турэцкага барца Рызы Каяалпа.
Па ходу сустрэчы паміж беларусам і ягоным супернікам узнік спрэчны эпізод: адбыўся фізічны кантакт, у выніку якога Глінчук быў дыскваліфікаваны. Суддзі палічылі дзеянні Паўла ў адказ на правакацыі турка неспартовымі.
Беларуская федэрацыя барацьбы неадкладна падала ноту пратэсту з патрабаваннем перагляду гэтага рашэння.
Пасля вывучэння ўсіх абставін справы United World Wrestling (UWW) аднавіла Паўла Глінчука на турніры, а дыскваліфікацыю прымяніла толькі да паўфінальнай сустрэчы.
Такім чынам, беларускі барэц атрымаў права пазмагацца за бронзавы медаль чэмпіянату Еўропы, дзе аказаўся мацнейшы за расіяніна Марата Кампарава – 9:3.
«Мы ўдзячныя кіраўніцтву UWW за аб'ектыўны падыход і справядлівае рашэнне. Павел гатовы змагацца і даказаць сваю моц. Вядома, такое недапушчальна на дыване, і трэба ўмець стрымліваць эмоцыі, але калі правакацыя і першыя дзеянні такога кшталту ідуць ад іншага спартоўца, то рашэнне павінна быць справядлівым для абодвух бакоў», — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў.