Лукашэнка назваў кіроўцаў «мышамі» і «пацукамі»
- 22.04.2026, 12:03
Аўтамабілістаў чакаюць новыя сюрпрызы?
Узмацніць падрыхтоўку кіроўцаў у краіне даручыў Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка падчас наведвання мінскага аэраклуба ДОСААФ. Дыктатар адзначыў, што і сам у свой час вучыўся менавіта ў аўташколе ДОСААФ.
Лукашэнка звярнуў увагу, што трэба ўзмацняць якасць падрыхтоўкі будучых кіроўцаў, бо гэта перадусім пытанне бяспекі на дарогах:
— Трэба ўзжорстчваць падрыхтоўку кіроўцаў. У нас хто ўжо толькі не ездзіць сёння на аўтамабілі. Я за тое, каб усе ўмелі кіраваць аўтамабілем — і мужчыны, і жанчыны. (А цяпер. — Заўв. рэд.) і мыш, і пацук, і журавель — усе на аўтамабілі, — заявіў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што пэўныя меры трэба прымаць не для таго, каб адсячы, адсеяць як мага больш людзей, а «каб мы рыхтавалі годных кіроўцаў, каб яны маглі выязджаць на дарогі на аўтамабілі».
— Як бы яны сёння на мяне ні пакрыўдзіліся, калі пачуюць гэтую прамову, яны будуць мне ўдзячныя, таму што жыць жа будуць, — сказаў Лукашэнка.