Шэсць беларусак з Літвы, ЗША і Вялікабрытаніі рыхтуюцца пераплыць Ла-Манш
- 22.04.2026, 13:54
Гэта адзін з самых складаных заплываў у свеце.
Адлегласць паміж берагамі праліва па прамой — каля 34 км, але з-за плыняў звычайна атрымліваецца 40–60 км. Заплыў доўжыцца 10–16 гадзін, удзельніцы змяняюць адна адну ў вадзе. Галоўная складанасць — холад: тэмпература ў праліве ўсяго 14–16°C, што хутка прыводзіць да пераахаладжэння і сыходу з дыстанцыі.
Каманда BelSwimSisters рыхтуецца ў экстрэмальных умовах: трэніроўкі праходзяць у халодных азёрах Літвы, у акіяне і нават ноччу. Плыўчыхі вучацца дыхаць у абодва бакі, спраўляцца з хвалямі і ветрам, а таксама прыстасоўвацца да працяглых нагрузак.
Ідэя, пішуць удзельніцы ў сваім акаўнце у Instagram, з’явілася пасля знаёмства з літоўскай камандай плыўцоў, якая ў 2025 годзе пераплыла Ла-Манш. Яны пазнаёміліся ў сацыяльных сетках, а потым сустрэліся на адкрытых заплывах у Літве.
Каманда жыве ў розных краінах: тры ўдзельніцы ў Літве, дзве ў ЗША і адна ў Вялікабрытаніі. Каб падтрымліваць сувязь, яны рэгулярна сустракаюцца анлайн і абмяркоўваюць як трэніроўкі, так і арганізацыйныя пытанні.
Сумесныя трэніроўкі ўжо праходзілі ў Атлантычным акіяне ў Іспаніі.