Лукашэнка пастаянна парушае ПДР
- 22.04.2026, 16:42
«Барацьбіт» за бяспеку на дарогах плявае на правілы.
Аляксандр Лукашэнка праінспектаваў ДОСААФ і запатрабаваў палепшыць бяспеку на дарогах, узмацніўшы падрыхтоўку вадзіцеляў. Пра тое, як сам парушае ПДР, традыцыйна забыў.
«Трэба ўзмацняць падрыхтоўку вадзіцеляў, — патрабаваў Лукашэнка. — У нас ужо хто толькі не ездзіць сёння на аўтамабілі. Я за тое, каб усе ўмелі кіраваць аўтамабілем — і мужчыны, і жанчыны. (Цяпер. — Заўв. рэд.) і мыш, і пацук, і журавель — усе на аўтамабілі», — сказаў дыктатар.
Фота і відэа пра тое, як Лукашэнка катае свайго шпіца на матацыкле, неаднойчы станавіліся падставай для абмеркавання. Два гады таму кіраўнік пракаціўся з ім на матацыкле «Урал», піша «Салідарнасць».
А ў маі 2024-га прэс-служба кіраўніка апублікавала фота, на якім Лукашэнка і яго прыяцель-бізнесмен Сяргей Цецерын едуць па грунтавай дарозе на матацыкле і скутары. У Лукашэнкі на каленях усеўся шпіц Умка. Усе, уключаючы Умку, без шлемаў.
І гэта не адзінае парушэнне ПДР з боку кіраўніка, які ратуе за бяспеку.
Напрыклад, у 2015 годзе ён падчас адкрыцця другога кальца вакол Мінска асабіста сеў за руль, каб праехаць па новай дарозе. Аднак пры гэтым забыўся (ці свядома не захацеў) прыстагнуцца рамянём бяспекі.
А ў 2009 годзе ўсе памятаюць яго фатаграфію на матацыкле «Harley-Davidson». Тады Лукашэнка праехаў па цэнтры Мінска, пасадзіўшы перад сабой свайго пяцігадовага сына. Абодва ў той момант былі без шлемаў.
Дык, можа, здымаючы ўяўных «мышэй, пацукоў і журавоў» з аўтамабіляў іншых, варта было б паклапаціцца пра сабак і дзяцей на ўласным аўтатранспарце?