Амаль 150 расійскіх акупантаў збеглі з вайсковых частак і здзейснілі забойствы
- 22.04.2026, 17:10
У «самаволку» ўсё часцей ідуць са зброяй.
З пачатку вайны супраць Украіны расійскія ваенныя суды разглядалі або вынеслі прысуды па справах у адносінах да 144 чалавек, абвінавачаных у дэзерцтве (арт. 338 КК РФ) або самавольным пакіданні часткі (СОЧ — арт. 337 КК РФ), якім пры гэтым інкрымінявалі забойства (арт. 105 КК РФ) і наўмыснае прычыненне цяжкай шкоды здароўю, якое пацягнула смерць (ч. 4 арт. 111 КК РФ). Пра гэта паведамляюць «Север.Реалии», якія вывучылі базы даных на сайтах ваенных судоў РФ з 2022-га па 21 красавіка 2026 года. Паводле гэтых звестак, часцей за ўсё за забойства судзілі самавольнікаў: абвінавачанымі па такіх складах сталі 54 вайскоўцы.
Далей ідуць вайскоўцы, што сышлі ў «самаволку», якім адначасова прад'яўлялі абвінавачанне паводле артыкула аб прычыненні цяжкай шкоды здароўю, што пацягнула смерць, — такіх было 40 чалавек. Таксама суды разглядалі справы 29 дэзерціраў, асуджаных за забойства. А дэзерціраў, абвінавачаных паводле арт. 111, было амаль утрая менш — 11 чалавек. Таксама быў адзін падсудны вайсковец, якога абвінавацілі адразу па трох артыкулах — за СОЧ, дэзерцтва і забойства, і яшчэ трое, што сталі фігурантамі крымінальных спраў адначасова паводле артыкулаў 337, 338 і 111. За ўвесь час вайны суды вынеслі 105 прысудаў — усе яны абвінаваўчыя.
У сямі выпадках былі апублікаваныя судовыя акты, паводле якіх абвінавачаным прызначылі ад 8 да 13 гадоў пазбаўлення волі. У астатніх выпадках, як вынікае з аналізу, або судовы працэс яшчэ не скончаны, або справу спынілі ў сувязі са смерцю падсуднага ці прыпынілі, або «адсутнічае рэальная магчымасць удзелу абвінавачанага ў працэсе».
Колькасць дэзерціраў і самавольнікаў, абвінавачаных у забойствах, імкліва расце, сведчаць даныя судоў. Калі ў 2022 годзе за такія злачынствы быў асуджаны толькі адзін чалавек, то ў 2025-м пад суд за такія злачынствы трапілі ўжо 86 вайскоўцаў (у 2023 годзе — шасцёра, у 2024-м — 26 чалавек). Журналісты выявілі 25 спраў у дачыненні да вайскоўцаў, што збеглі з арміі і абвінавачваюцца ў забойстве, якія разглядаюцца ў 2026 годзе.
У траўні 2025 года «Важные истории» на падставе ўцечак ацэньвалі мінімальную колькасць вядомых паімённа вайскоўцаў, што збеглі з арміі Расіі за час уварвання ва Украіну, у 49 тысяч чалавек, што супастаўна з колькасцю армейскага корпуса. У верасні OSINT-праект Frontelligence Insight заяўляў, што ў 2025 годзе ўзровень дэзерцтва ў Узброеных Сілах РФ падвоіўся ў параўнанні з 2024-м.