Беларускі барацьбіт пакараў турка-правакацыйніка
- 22.04.2026, 17:29
Інцыдэнт адбыўся на чэмпіянаце Еўропы.
На чэмпіянаце Еўропы па барацьбе ў албанскай Ціране адбыўся скандал з удзелам беларускага спартсмена Паўла Глінчука. Беларуса ледзь не дыскваліфікавалі, але пасля ўсё ж дазволілі змагацца за бронзу, піша «Трыбуна».
Павал Глінчук упэўнена дайшоў да паўфіналу, перамогшы супернікаў са Швецыі і з Італіі. У паўфінале ягоным супернікам стаў вельмі вопытны турэцкі барацьбіт Рыза Каяалп — 11‑разовы чэмпіён Еўропы і 5‑разовы чэмпіён свету.
Падчас паядынку, у якім упэўнена перамагаў турэцкі спартсмен, ён двойчы ўдарыў Глінчука далонню па галаве, што супярэчыць правілам. Суддзя спыняў паядынак і рабіў заўвагі. Але пасля другога такога эпізоду беларус не стрымаўся: штурхнуў суперніка і ў адказ таксама ўдарыў яго.
Пасля гэтага Каяалп дэманстратыўна зваліўся на кілім, а суддзі, абмеркаваўшы сітуацыю, дыскваліфікавалі Глінчука за паводзіны. Пасля гэтага ён не падаў руку ні суперніку, ні суддзям.
Спачатку гэта азначала, што беларус не зможа змагацца за бронзу. Аднак яго каманда падала апеляцыю, звярнуўшы ўвагу, што канфлікт справакаваў менавіта турэцкі барацьбіт. У выніку рашэнне змякчылі: дыскваліфікацыя засталася толькі за гэты паядынак, але Глінчуку дазволілі ўдзельнічаць у барацьбе за трэцяе месца.
Увечары 21 красавіка Павал Глінчук, які на гэтых спаборніцтвах выступае ў нейтральным статусе, выйшаў на паядынак за бронзу супраць іншага «нейтральнага» спартсмена — Марата Кампарава з Расіі. У ім ён быў мацнейшы і заваяваў медаль.
Паўлу Глінчуку 24 гады, ён родам з Докшыцкага раёна. Ён змагаецца ў самай цяжкай вагавой катэгорыі.