Некалькі танкераў з іранскай нафтай прайшлі блакаду ЗША
- 22.04.2026, 18:03
З моманту ўвядзення блакады не менш як 34 танкеры прайшлі праз Армузскі праліў.
ЗША ўвялі блакаду іранскіх партоў у першай палове красавіка, пасля Вашынгтон паведамляў пра поспех і значныя фінансавыя страты Тэгерана
Не менш як 34 танкеры, звязаныя з Іранам, прайшлі амерыканскую блакаду з моманту яе ўвядзення; сярод іх было некалькі судоў, што перавозілі іранскую нафту, піша Financial Times са спасылкай на даныя кампаніі Vortexa, якая адсочвае перамяшчэнне грузаў.
Не менш як 19 танкераў, звязаных з Іранам, прайшлі праз зону дзеяння блакады і выйшлі з Персідскага заліва; яшчэ не менш як 15 судоў ўвайшлі ў Персідскі заліў, накіроўваючыся ў бок Ірана з Аравійскага мора.
Не менш як шэсць з судоў, што выйшлі з Персідскага заліва, перавозілі іранскую сырую нафту агульным аб’ёмам 10,7 млн барэляў.
12 красавіка ЗША ўвялі блакаду ў дачыненні да ўсіх судоў, што заходзяць у іранскія прыбярэжныя вады або пакідаюць іх. 16 красавіка старшыня Камітэта начальнікаў штабоў Узброеных Сіл ЗША Дэн Кейн заявіў пра намер ЗША перахопліваць іранскія судны ў адкрытым моры.
На сёння амерыканскія вайскоўцы затрымалі адзін кантэйнеравоз у Аманскім заліве і ўзялі на абордаж танкер Tifani ў нейтральных водах паміж Шры-Ланкай і Інданезіяй. 21 красавіка Цэнтральнае камандаванне ЗША заявіла, што з моманту блакады ВМС ЗША загадалі 28 судам вярнуцца ў іранскія парты.