Лукашэнка ўзмацніў правілы для пасажыраперавозчыкаў
- 22.04.2026, 18:55
Дыктатар падпісаў чарговы ўказ.
У Беларусі ўзмацняюцца правілы для аўтаперавозчыкаў — указ пра гэта Аляксандр Лукашэнка падпісаў 22 красавіка, паведаміла яго прэс-служба. Гаворка пра аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у нерэгулярных зносінах.
Згодна з дакументам, дапоўніваецца пералік звестак, якія падлягаюць уключэнню ў рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах. Пры іх адсутнасці транспартная дзейнасць прызнаецца незаконнай.
Прадбачваюцца новыя падставы для прыпынення дзейнасці аўтамабільных перавозчыкаў, сярод іншага:
непрадстаўленне падатковай дэкларацыі;
наяўнасць запазычанасці па сплаце падаткаў;
прадстаўленне ў падатковыя органы няпраўдзівых звестак.
«Гэтыя меры накіраваныя на спыненне дзейнасці арганізацый-аднадзёнак», — адзначылі ў прэс-службе.
Указам уводзіцца забарона на выкарыстанне ўсімі іншымі перавозчыкамі транспарту кампаніі, выключанай з рэестра за парушэнні. Паўторнае ўключэнне ў яго магчыма па заканчэнні трох месяцаў.
Акрамя таго, пашыраецца пералік перавозак, на якія не распаўсюджваецца дзеянне ўказа ад 25 студзеня 2024 года № 32 «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў».
Улады лічаць, што такія наваўвядзенні дазволяць «павысіць бяспеку і сфарміраваць празрыстае падатковае асяроддзе ў сферы перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах».