BE RU EN

У Іране пакаралі смерцю былога супрацоўніка атамнай галіны

  • 23.04.2026, 3:44

За «шпіянаж».

Іран пакараў смерцю былога супрацоўніка Арганізацыі па атамнай энергіі Мехдзі Фарыда. Яго асудзілі па абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Ізраіля. Пра гэта паведамляе выданне Euronews са спасылкай на сайт судовага медыярэсурсу Mizan.

Фарыд нібыта «па ўказанні» супрацоўнікаў ізраільскай выведкі Масад спрабаваў «заразіць» унутраную сетку сакрэтнай абароннай арганізацыі і прадаставіў да яе доступ староннім асобам, а таксама перадаў ізраільскаму боку інфармацыю пра структуру, размяшчэнне будынкаў, ахову і дадзеныя супрацоўнікаў.

Падчас судовага працэсу Фарыд «прызнаўся» ў супрацоўніцтве з Масадам.

Фарыда затрымалі і даставілі ў турму Эвін зімою 2022 года. Спачатку яго справу разглядала 26-я палата Рэвалюцыйнага суда, якая прысудзіла яму 10 гадоў пазбаўлення волі, але пасля пакаранне замянілі на смяротнае пакаранне.

Іранская грамадская арганізацыя Hengaw адзначае, што Фарыд быў студэнтам факультэта інфармацыйных тэхналогій.

Ён адмовіўся супрацоўнічаць з асобамі, звязанымі з Ізраілем, і добраахвотна звярнуўся ў службу бяспекі Агенцтва па атамнай энергіі, перадаўшы інфармацыю і грошы.

Нягледзячы на гэта, яму выстаўілі абвінавачанні ў «разгалошванні інфармацыі і супрацоўніцтве з Ізраілем».

Апошнія навіны