BE RU EN

Трамп зрабіў новую заяву пра тэрміны перамір'я і працягласць вайны з Іранам

  • 23.04.2026, 7:59

Рамак няма.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «часавых рамак» для вайны з Іранам няма. Ён таксама адкінуў здагадкі пра тое, што палітычныя меркаванні ўплываюць на яго падыход.

Пра гэта паведамляе CNN.

Паводле яго слоў, «няма ніякага часавага ціску» ні на падаўжэнне перамір'я з Іранам, ні на правядзенне мірных перамоў.

На пытанне, калі можа скончыцца вайна, Трамп адказаў, што «часавых рамак няма» і спяшацца няма куды. І хоць раней ён казаў, што вайна працягнецца ад 4 да 6 тыдняў, цяпер яна ўжо ідзе сёмы тыдзень.

«Людзі кажуць, што я хачу як мага хутчэй скончыць справу з-за прамежкавых выбараў — гэта няпраўда», — сказаў Трамп, дадаўшы, што адміністрацыя хоча «заключыць выгадную здзелку для амерыканскага народа».

На гэтым фоне варта дадаць каментар прэс-сакратара Белага дома Кэролайн Левіт, якая таксама выказалася журналістам адносна часавых рамак.

«Прэзідэнт не ўстанавіў жорсткі крайні тэрмін для атрымання іранскай прапановы, у адрозненне ад некаторых паведамленняў, якія я сёння бачыла. У выніку тэрміны будуць вызначацца галоўнакамандуючым», — сказала яна.

Да гэтага CNN пісала, што Трамп плануе даць іранцам абмежаваны час для выпрацоўкі адзінай прапановы, якая дазволіла б аднавіць дыпламатычныя перамовы.

Таксама Левіт выказвалася пра амерыканскую блакаду Армузскага праліва, накіраваную супраць Ірана, падкрэсліўшы, што гэта цалкам задавальняе Трампа.

«Яны нават сваім уласным супрацоўнікам не могуць плаціць з-за таго эканамічнага ціску, які прэзідэнт Трамп аказаў на іх. Таму ён гэтым задаволены, а мы чакаем іх адказу і паглядзім, што будзе», — дадала яна.

Апошнія навіны