BE RU EN

У Гродне дзіця заразілася эхінакокозам

  • 23.04.2026, 10:54

За год у Беларусі такіх выпадкаў не больш за 10.

У Гродне ў дзіцяці дашкольнага ўзросту выявілі эхінакокоз. Гэта цяжкае паразітарнае захворванне, якое паражае печань і лёгкія, а часам і галаўны мозг. Яго пераносчыкам, верагодна, стала хатняя сабака, паведамляе партал Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Хвароба шырока распаўсюджаная ў краінах Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі і на Блізкім Усходзе. У Беларусі яна сустракаецца даволі рэдка — за год рэгіструецца не больш за 10 выпадкаў.

Эхінакокоз выклікаюць дробныя стужачныя чарвякі, што жывуць у кішачніку сабак, а таксама дзікіх жывёл — ваўкоў і лісаў. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворай жывёлай — яйкі паразіта могуць знаходзіцца ў жывёлы на поўсці або на языку. Таксама можна захварэць на эхінакокоз, калі ўжываць нямытую гародніну і садавіну або не мыць рукі перад ежай пасля кантакту з глебай.

У арганізме чалавека паразіт развіваецца ў выглядзе лічынкі. З цягам часу ў паражаным органе ўтвараецца кіста — гэта пухір з вадкасцю, які можа павольна павялічвацца на працягу некалькіх гадоў. Сімптомы залежаць ад таго, дзе менавіта яна знаходзіцца. Найчасцей з'яўляюцца слабасць, хуткая стамляльнасць, галаўныя болі і скурныя высыпанні. У такіх выпадках, як правіла, патрабуецца хірургічнае ўмяшанне — кісту выдаляюць.

Апошнія навіны