Увялі яшчэ адно валютнае абмежаванне для беларусаў
- 23.04.2026, 16:12
Яно пачало дзейнічаць з сённяшняга дня.
У Беларусі з 23 красавіка ўвялі новыя абмежаванні для насельніцтва. Сярод іншага ўлады забаранілі пазыкі паміж фізічнымі асобамі ў замежнай валюце. Выключэнне — блізкія сваякі.
Таксама чыноўнікі забаранілі выдаваць пазыкі насельніцтву пад заклад адзінага жылога дома ці кватэры. Яшчэ адна навацыя — увялі абмежаванне па штрафных санкцыях і працэнтах за карыстанне грашыма ў доўг (ідзе гаворка пра дамовы пазыкі паміж фізічнымі асобамі).
Індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам, якія не займаюцца мікрафінансавай дзейнасцю, цяпер нельга выдаваць крэдыты фізічным асобам. Выключэнне зрабілі для пазыкаў, якія наймальнікі выдаюць сваім працаўнікам.