Японцы атрымалі ядомую версію Honda
- 23.04.2026, 17:01
Кампанія выпусціла кары ў гонар легендарнага купэ.
Японскі аўтавытворца Honda прадставіў незвычайны прадукт — кары, натхнёнае спартыўным купэ Prelude. Абмежаваная страва пад назвай Prelude-do Curry стала часткай маркетынгавай кампаніі на фоне папулярнасці мадэлі ў Японіі, піша Autoblog (пераклад — сайт Charter97.org).
Ідэя не выпадковая. Кары — даўняя частка карпаратыўнай культуры кампаніі. Больш за 70 гадоў яго падаюць у сталоўках Honda кожную пятніцу, і дагэтуль каля 30% супрацоўнікаў у Японіі абіраюць менавіта гэтую страву, часцей за ўсё кары-удон.
Новы прадукт — гэта порцыйнае свіное кары, распрацаванае сумесна з даследчыкам японскай кухні Іцідзэ Монко. Раней Honda адкрыла часовае кары-кафэ ў токійскім раёне Сібуя, і поспех праекта падштурхнуў кампанію да выпуску версіі «на вынас».
Галоўная асаблівасць стравы — незвычайная «сістэма прыправ», натхнёная рэжымамі кіравання Prelude. У залежнасці ад колькасці дададзеных прыправ смак змяняецца і сімвалічна адпавядае рэжымам GT, Sport або Comfort, уключаючы фірмовы S+ Shift Mode. Такім чынам Honda ператварыла гастраномію ў працяг аўтамабільнай філасофіі.
Пакуль невядома, ці стане Prelude-do Curry пастаянным прадуктам, аднак у кампаніі не выключаюць пашырэння лінейкі. Калі праект апынецца паспяховым, Honda можа вывесці на рынак і іншыя фірмовыя стравы, якія дзесяцігоддзямі былі часткай яе ўнутранай культуры.