Зяленскі: Украіна ў самай стабільнай форме за 10 месяцаў
- 23.04.2026, 17:15
Прэзідэнт Украіны падзяліўся апошнімі навінамі з фронту.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што інфармацыя Расіі пра захоп значных тэрыторый не адпавядае рэчаіснасці і растлумачыў рэальную сітуацыю на фронце.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву Зяленскага ў адказ на пытанні журналістаў.
Паводле слоў украінскага прэзідэнта, цверджанні Расіі аб кантролі над больш чым 700 квадратнымі кіламетрамі ўкраінскай зямлі, у тым ліку поўнасцю над усёй Луганскай вобласцю, не маюць пад сабой падстаў.
Гэты наратыў, як ён адзначыў, актыўна распаўсюджваецца, аднак нават міжнародныя партнёры ўжо не падтрымліваюць падобныя ацэнкі і не лічаць, што РФ выйграе вайну.
Зяленскі падкрэсліў, што лінія судакранання застаецца складанай і дынамічнай. Украінскія вайскоўцы штодня адбіваюць сотні атак і ўтрымліваюць пазіцыі пад пастаянным ціскам.
Нягледзячы на цяжкія ўмовы, баланс тэрытарыяльных змяненняў з пачатку года складаецца на карысць Украіны: вызваленых тэрыторый больш, чым страчаных.
- За апошнія 10 месяцаў мы знаходзімся ў самай стабільнай форме, але ўсё роўна разумеем, што хлопцам вельмі цяжка, расслабіцца немагчыма. Мы будзем падтрымліваць нашу армію, як толькі можам. Трэба больш грошай, каб усё аднаўлялася, разблакоўвалася, даваць больш грошай на дроны, каб FPV і іншага было ў хлопцаў на фронце больш, - заявіў прэзідэнт Украіны.
Таксама ўкраінскі прэзідэнт пракаментаваў заявы аб магчымых наступленнях з тэрыторыі Расіі, адзначыўшы, што такіх дзеянняў цяпер не адбываецца праз недахоп сілаў у праціўніка.
Паводле яго звестак, штомесячныя страты РФ складаюць дзесяткі тысяч чалавек, што ўжо стала ўстойлівай тэндэнцыяй.
- У іх няма дастаткова сілаў. Яны губляюць сёння - гэта ўжо статыстыка, гэта ўжо канстанта - кожны месяц з пачатку гэтага года 30-35 тысяч у месяц, - падкрэсліў Зяленскі.