Атрутнае воблака ад палаючага нафтавага тэрмінала ў Туапсэ дабралося да Анапы
- 23.04.2026, 17:28
Смог ахапіў усё чарнаморскае ўзбярэжжа РФ.
Смог ад ахопленага полымем пасля ўдараў дронаў ЗСУ нафтавага тэрмінала ў Туапсэ на чацвёртыя суткі пасля пачатку пажару дасягнуў Анапы, ахапіўшы амаль усё чарнаморскае ўзбярэжжа Расіі. Напярэдадні дым ужо дабраўся да Сочы, а днём раней пранік і ўглыб мацерыка, даляцеўшы да Стаўрапаля і Армавіра, піша The Moscow Times.
Фатаграфіі жыхароў Анапы, на якіх бачная цёмная імгла ў небе над горадам, раніцай у чацвер апублікаваў эколаг Георгій Каваносян. Раней эколагі папярэджвалі, што такі смог нясе небяспеку кіслотных дажджоў у тых рэгіёнах, над якімі ён праходзіць.
З-за «нафтавага дажджу» на вуліцах Туапсэ ўтварылася масляністая плёнка і выкіды ў выглядзе чорных шарыкаў. «Гэта катастрофа», — пішуць жыхары горада ў адной з суполак. Паводле іх слоў, на вуліцах мноства бязгаспадарчых жывёл, і ўсе яны пакрытыя мазутам. Да ўзбярэжжа Туапсэ, паводле даных маніторынгавых каналаў, наблізілася гіганцкая нафтавая пляма.
Напярэдадні Роспотребнадзор справаздачыўся пра «перавышэнне ў два-тры разы дапушчальных канцэнтрацый бензолу, ксілолу і сажы ў паветры» ў шэрагу раёнаў Туапсэ па стане на вечар 21 красавіка. Ведамства раіла жыхарам не выходзіць на вуліцу без неабходнасці, не адкрываць вокны, прамываць вочы, нос і горла. Улады Туапсэ таксама адмянілі заняткі ў школах і дзіцячых садках. Нягледзячы на гэта, мясцовыя скардзяцца, што дзеці пэцкаюцца мазутам, проста выходзячы пагуляць на вуліцу. А аўтаўладальнікі паведамляюць пра чорны налёт на машынах, які цяжка змываецца.
Чорны дождж, на які скардзяцца жыхары Туапсэ, утрымлівае сажу і пары нафтавых фракцый, што трапляюць у паветра праз пажары, распавёў «Новой газете» спецыяліст у галіне хімічнай бяспекі (ягонае імя не раскрываецца): «Бензол, талуол, этылбензол — усё гэта спачатку выпадае на гарадскія вуліцы, а затым пачынае выпарацца, напаўняючы паветра атрутнымі рэчывамі». Паводле слоў эксперта, такія ападкі могуць прыводзіць да хімічных апёкаў, абвастрэння хвароб лёгкіх і павышаць рызыкі развіцця раку.
Тое, што адбылося ў Туапсэ, — гэта «найбуйнейшая экалагічная катастрофа», наступствы якой «куды больш сумныя за разліў мазуту ў раёне Анапы», адзначае эколаг Яўген Віцішка: «Зараз мы фіксуем сур'ёзнае забруджванне прыбярэжнай тэрыторыі. Паводле адных даных, плошча забруджвання — 7,5 км, паводле іншых — каля гектара. Мёртвая рыба, загінулыя лічынкі малькоў — усё гэта мы фіксуем».
«Забруджаныя і ўсе рэкі, што ўпадаюць у Чорнае мора, у іх мы бачым сажу і нафтапрадукты», — працягвае Віцішка, дадаючы, што «пацерпяць не толькі курорты, але і ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі».