Рушыцца ўся карціна свету Лукашэнкі
- 24.04.2026, 9:05
У дыктатара нічога не атрымліваецца.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што «не ведае, да чаго рыхтаваць беларусаў». Такую заяву кіраўнік зрабіў падчас нарады па пытаннях комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці.
Па яго словах, уся праца ў Беларусі сёння вядзецца пад дэвізам: «Працуем, каб жыць».
Не проста выжыць, а каб жыць. А што далей? А далей ніхто не ведае, што адбудзецца, што там выкінуць магутныя гэтага свету.
Пра што кажуць гэтыя словы беларускага кіраўніка? На пытанне адказаў аналітык Сяргей Чалы.
— Мяне здзіўляе, што ён так позна гэта сказаў, бо ідэі ў яго скончыліся яшчэ ў 2012 годзе, — распавёў Чалы ў эфіры «Звычайнага ранку». — Апошняя плённая ідэя была пасля эпічнага крызісу 2011-га. Тады было зразумела, што эканамічнага росту не прадбачыцца, але замест структурных рэформаў вырашылі правесці комплексную мадэрнізацыю, якая зацягнулася на некалькі гадоў і толькі пагоршыла фінансавае становішча прадпрыемстваў. Пасля гэтага — усё, ідэі скончыліся.
Але беларуская эканоміка неяк выязджала: нешта дапамагала, дзесьці шанцавала. Было шмат сур'ёзных правалаў з боку Лукашэнкі, калі даводзілася здаваць суверэнітэт Расіі ў надзеі, што гэта бяздонны рынак. Але, як высветлілася, гэта зусім не так, прычым нават для расійскіх прадпрыемстваў.
Я сачу за нарадамі Лукашэнкі і яго кадравымі прызначэннямі. Увесь час спрабую паслухаць, чаго ж ён хоча ад сваіх падначаленых. Там абавязкова прагучаць фразы: «чаго мне цябе вучыць, ты і сам усё ведаеш», «мужыкі, давайце, трэба даваць вынік».
То-бок, нічога канкрэтнага няма. Гэта сведчыць пра тое, што ён сапраўды не ведае, што рабіць.
Чаму так адбываецца? Найхутчэй таму, што да сярэдзіны мінулага года яшчэ дзейнічаў імпульс ваеннай эканомікі Расіі. У нас вялізарная колькасць прадпрыемстваў, якія працуюць на расійскую ваенку. Усё гэта пэўны час было добра, пакуль не скончылася.
У апошнія месяцы ў Расіі здарыўся найцяжэйшы бюджэтны крызіс — за квартал у іх дэфіцыт бюджэту большы за запланаваны на год. Увогуле, цяпер ім не да Беларусі. Лукашэнка не разумее ні дзе ёсць рынкі, ні што вырабляць.
А ў цэлым ён ужо даўно павінен быў сказаць, што незразумела, што адбываецца. А тут яшчэ дадаліся і геапалітычныя падзеі. <�…>. Лукашэнку здавалася, што Трамп загадае — і Еўропа адчыніць яму ўсе дзверы. Замест гэтага атрымалася наадварот. Коул прыязджае і перадае патрабаванні ад, здавалася б, «васалаў ЗША».
Рушыцца ўся ягоная карціна свету, і нічога не атрымліваецца.