BE RU EN

Прэм’ер Польшчы: Расія можа напасці на краіну НАТА ў кароткатэрміновай перспектыве

  • 24.04.2026, 10:48

Гэта пытанне месяцаў, а не гадоў.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Расія можа напасці на краіну НАТА ў кароткатэрміновай перспектыве — гэта пытанне месяцаў, а не гадоў. Пры гэтым ён выказаў занепакоенасць тым, ці гатовыя ЗША выканаць свае абавязкі перад НАТА па абароне Еўропы ў выпадку такога нападу.

«Для ўсяго ўсходняга флангу, маіх суседзяў… пытанне ў тым, ці застаецца НАТА па-ранейшаму арганізацыяй, гатовай, палітычна і лагістычна, рэагаваць, напрыклад, супраць Расіі, калі яна паспрабуе напасці», — сказаў ён у інтэрв’ю Financial Times.

Туск падкрэсліў, што яго словы не варта ўспрымаць «як скептыцызм адносна артыкула 5 НАТА, а хутчэй як надзею на тое, што гарантыі на паперы ператворацца ў нешта вельмі практычнае».

«Гэта сапраўды сур’ёзна. Я гавару пра кароткатэрміновую перспектыву, хутчэй пра месяцы, чым пра гады», — сказаў Туск, маючы на ўвазе патэнцыйны расійскі напад.

Туск заявіў, што ў яго «няма комплексаў» наконт амерыкана-польскіх сувязяў, але праблема ў тым, як праявяць сябе гэтыя сувязі ў выпадку практычнай пагрозы.

«Я хачу верыць, што [артыкул 5] па-ранейшаму дзейнічае, але часам, вядома, у мяне ўзнікаюць праблемы», — дадаў ён. «Я не хачу быць такім песімістам… але сёння нам патрэбны таксама і практычны кантэкст».

Туск прывёў прыклад таго, як летась каля 20 расійскіх беспілотнікаў парушылі паветраную прастору Польшчы, і некаторыя саюзнікі па НАТА не хацелі разглядаць гэта як напад.

«У мяне былі праблемы ў вераснёвую ноч, калі расіяне ўчынілі гэтую даволі маштабную правакацыю з выкарыстаннем беспілотнікаў. Мне было нялёгка пераканаць нашых партнёраў па НАТА, што гэта быў не выпадковы інцыдэнт, а добра спланаваная і падрыхтаваная правакацыя супраць Польшчы», — узгадваў ён.

Пры гэтым ён дадаў, што некаторым саюзнікам па НАТА «было значна прасцей зрабіць выгляд, што нічога не адбылося».

«Таму я хачу быць упэўнены, што калі нешта здарыцца, то… Расія будзе ведаць, што рэакцыя будзе жорсткай і адназначнай», — сказаў ён.

Ён адзначыў, што для таго, каб Еўропа змагла адбіць гэты ўдар, патрэбныя рэальныя інструменты і рэальная магутнасць у плане абаронных сродкаў і мабільнасці ўзброеных сіл паміж краінамі.

«Парадоксальна, але калі ў вайне ва Украіне і ёсць нейкія пазітыўныя аспекты, дык гэта адзін з іх: Еўропа ўсё больш усведамляе, што мы будзем разам у ваенных аспектах [і] абароне», — сказаў ён.

Апошнія навіны