Ліквідацыя ліквідатараў
- Ірына Халіп
- 24.04.2026, 13:50
Гістарычная памяць — люты вораг рэжыму.
Чарнобыльскі рэактар выбухнуў сорак гадоў таму? Ды не можа гэтага быць! Той катастрофе на днях споўніцца сорак? Прабачце, а нам тады колькі? Лепш не лічыць. Здаецца неверагодным, але ў нядзелю — сапраўды саракавая гадавіна катастрофы.
Чарнобыль у кожным з нас. І я не пра радыяцыю. Чарнобыль — такая ж рэальнасць, як Галадамор або Халакост, хоць тыя і старэйшыя. Чарнобыль — гэта назаўжды. Ва ўсякім разе, для тых, хто жыў у той час, сорак гадоў таму.
Чарнобыль забівае, ламае, зводзіць з розуму. Мая ўкраінская сяброўка і калега нядаўна сустрэлася ў Кіеве са сваімі героямі, пра якіх пісала яшчэ тады. Адзін — былы ліквідатар — цяпер п'е і сцвярджае, што «саркафаг», які ўзвялі да канца 1986 года і ў якім знаходзяцца палівазмяшчальныя масы, радыеактыўная вада і радыеактыўны пыл, насамрэч даўно стаіць пусты, а размовы пра змесціва — інтрыгі сусветнай закуліссы. Другі — вучоны, біялог, які пасля катастрофы зацыкліўся на жывёлах-мутантах і паўсюль бачыў двухгаловых цялят і шасціногіх трусоў. Трэці — з эколагаў, цяпер кажа, што выбух на Чарнобыльскай АЭС быў сумесным тэрактам КДБ, МАГАТЭ і чамусьці СААЗ. Ці можна назваць гэтых людзей ахвярамі? Несумненна. Чарнобыль іх знішчыў.
За ўвесь час пасля выбуху пацярпелымі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС былі прызнаныя каля сямі мільёнаў чалавек ва Украіне, Беларусі і Расіі. Ва Украіне яны падзяляюцца на катэгорыі — эвакуяваныя з зоны адчужэння, тыя, хто пражывае ў зоне ўзмоцненага радыёэкалагічнага кантролю, ліквідатары. У іх ёсць льготы — на аплату камунальных паслуг, праезд, лекі, лячэнне ў санаторыях, пратэзаванне зубоў. І дадатковыя дні адпачынку. Ва Украіне, якая ўжо каторы год абараняецца ад агрэсара, — больш за паўтара мільёна чарнобыльцаў. То бок нагрузка на бюджэт выходзіць нямалая. І тым не менш украінскаму ўраду — дакладней, ніводнаму з іх (там жа ўрады змяняюцца, як бы дзіўна гэта ні гучала ў Беларусі) — не прыйшло ў галаву скасаваць чарнобыльскія льготы.
Яшчэ ў 1991 годзе Вярхоўны Савет Беларусі прыняў закон «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС». Закон устанаўліваў льготы для чарнобыльцаў і вызначаў, якія катэгорыі грамадзян падпадаюць пад яго дзеянне. А потым прыйшоў Лукашэнка. Калі прыходзяць такія, яны пачынаюць разбураць усё навокал.
Праз год свайго знаходжання пры ўладзе ён выдаў указ № 349 «Аб упарадкаванні некаторых льгот для грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС». Чарнобыльцы страцілі права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце, на беспрацэнтныя пазыкі на куплю або будаўніцтва жылля, на бясплатныя лекі для дзяцей, якія жывуць у зоне радыяцыйнага кантролю. У 2007 годзе права на бясплатныя лекі былі пазбаўлены і ліквідатары. Тады Лукашэнка, як ён заўсёды робіць у гадавіны аварыі, паездзіў па Гомельскай вобласці і запатрабаваў, каб беларусы перасталі нарэшце «пакутаваць і плакацца» з нагоды Чарнобыля, а з упэўненасцю і аптымізмам крокавалі да перамогі ці то камунізму, ці то яшчэ чагосьці падобнага. Хопіць, казаў ён, дзяліць людзей на чарнобыльцаў і нячарнобыльцаў.
А ў 2013 годзе беларускі рэжым увогуле адмовіўся ад паняцця «ліквідатар». Ліквідатараў перавялі ў статус «пацярпелых» ад аварыі. Атрымліваецца, тыя, хто па загадзе або добраахвотна пасля аварыі рвануў у Прыпяць з розных гарадоў і вёсак, зусім не займаліся ліквідацыяй наступстваў. Не тушылі пажар, не разбіралі завалы, не аказвалі медыцынскую дапамогу, не вывозілі пацярпелых, не дастаўлялі сродкі абароны, не пілавалі дрэвы. Яны проста прыехалі, каб пацярпець. Да 31 снежня 2012 года ўсім ліквідатарам было прадпісана здаць пасведчанні. Бінга.
Шмат хто з ліквідатараў не дажыў да таго моманту, калі іх перавялі ў пацярпелыя. Магчыма, на шчасце. Яны не перажылі прыніжэнняў. Ладна б льготы — Лукашэнка скупы, яму на талончык для чалавека, які тушыў рэактар, грошай шкада, гэта можна зразумець. Але патрабаванне здаць пасведчанні замест таго, каб пакінуць іх хаця б на памяць, — гэта быў здзек. Але не толькі: гэта было знішчэнне памяці, каб нават у дамах ліквідатараў не засталося нічога, што нагадвала б пра катастрофу. Навошта? Ды проста таму, што гістарычная памяць для Лукашэнкі — такі ж люты вораг, як бел-чырвона-белыя парасоны. Яна не дазволіць забыць не толькі чарнобыльскую катастрофу, але і тое, што чыніў ён. А ягоныя злачынствы маладзейшыя за Чарнобыль на некалькі гадоў. Выходзіць, калі беларусы і сёння пра Чарнобыль узгадаюць, яны і пра яго не забудуцца?
Правільна думае. Не забудзем. Не даруем. Нават праз сорак гадоў.
Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org