BE RU EN

Прэм’ер Эстоніі: расійскім салдатам трэба пажыццёва забараніць уезд у Шэнген

  • 24.04.2026, 16:08

Большасць з іх — злачынцы.

Прэм’ер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал заявіў, што расійскім салдатам, якія бралі ўдзел у поўнамаштабным уварванні ва Украіну, варта пажыццёва забараніць уезд у Шэнгенскую зону, і ён імкнецца ператварыць гэтае прапанаванне ў агульнаеўрапейскую палітыку. Урад Эстоніі сцвярджае, што пашырэнне мабілізацыі Крамля, накіраванае на падтрыманне наступу на Украіну і папаўненне страт на полі бою, павышае верагоднасць таго, што нават пасля заканчэння баявых дзеянняў былыя камбатанты могуць уяўляць небяспеку для ЕС, перадае Euronews.

«Што будуць рабіць гэтыя людзі? Большасць з іх — злачынцы, але ў Расіі іх падаюць як герояў, — сказаў Міхал у інтэрв’ю на палях сустрэчы ЕС на Кіпры. — Яны будуць сфармаваны як прыватныя арміі Вагнера II, Вагнера III і будуць дзейнічаць у Еўропе, Азіі, Афрыцы, на ўсіх кантынентах».

«Яшчэ раз хачу спытаць усіх: ці хочаце вы, каб гэтыя хлопцы былі побач з вашым домам? Не, не хочаце. Таму неабходна пажыццёва забараніць ім уезд у Шэнгенскую зону», — сказаў міністр.

Эстонія пачала прасоўваць шэнгенскую забарону на пачатку гэтага года і паступова заручылася падтрымкай іншых дзяржаў-членаў, пакуль Еўрапейскі савет не ўключыў гэты праект у выніковы дакумент на саміце ў сакавіку.

Лідары даручылі Еўрапейскай камісіі падрыхтаваць «ацэнку магчымых спосабаў вырашэння гэтага пытання, не закранаючы кампетэнцыі дзяржаў-членаў у дадзенай сферы». Кожная краіна ЕС самастойна вырашае, каму і на якіх умовах выдаецца ўездная віза.

Камісія імкнецца ўсталяваць агульныя правілы для забеспячэння ўзгодненага падыходу, бо пасля выдачы візы яе ўладальнік мае права свабодна перамяшчацца па Шэнгенскай зоне. Улічваючы велізарную колькасць былых і дзейных расійскіх салдат, адказнасць павінна быць падзелена паміж усімі дзяржавамі-членамі, заявіў Міхал.

«Эстонія ўжо забараніла ўезд прыблізна 1300 расійскім баевікам, — нагадаў ён. — Мы можам зрабіць больш, мы можам зрабіць у 10 разоў больш, але мы не можам самастойна зрабіць гэта ў дачыненні да мільёна салдат. Нам патрэбна дапамога кожнага».

Апошнія навіны