Брытанія адказала на пагрозу ЗША перагледзець пазіцыю адносна Фалклендскіх астравоў
- 24.04.2026, 18:11
ЗША могуць перастаць прызнаваць Фалклендскія астравы брытанскай тэрыторыяй.
Прэс-служба прэм’ер-міністра Брытаніі адрэагавала на паведамленні ў СМІ пра тое, што ЗША могуць перастаць прызнаваць Фалклендскія астравы брытанскай тэрыторыяй, паведамляе BBC.
Фалклендскія астравы, размешчаныя ў паўднёва-заходняй частцы Атлантычнага акіяну, — брытанская заморская тэрыторыя. Правы Вялікабрытаніі на астравы аспрэчваюцца Аргенцінай. Папярэднія адміністрацыі ЗША афіцыйна прызнавалі фактычнае кіраванне астравамі з боку Вялікабрытаніі, але не займалі афіцыйнай пазіцыі адносна суверэнітэту.
Напярэдадні Reuters паведаміла пра ўнутранае электроннае пісьмо Пентагона, у якім абмяркоўваліся варыянты пакарання саюзнікаў ЗША па НАТА, што не падтрымалі вайну супраць Ірана.
Прадстаўнік канцылярыі брытанскага прэм’ер-міністра заявіў: «Фалклендскія астравы пераважнай большасцю галасоў выказаліся за тое, каб застацца заморскай тэрыторыяй Вялікабрытаніі… Суверэнітэт належыць Злучанаму Каралеўству».
Публікацыя дакумента Пентагона і адказ брытанскага ўрада адбыліся на фоне падрыхтоўкі да дзяржаўнага візіту караля Карла III і каралевы Камілы ў ЗША, падчас якога яны павінны сустрэцца з Дональдам Трампам. Візіт пачнецца 27 красавіка і працягнецца чатыры дні.