Лукашэнка вырашыў пакінуць вяскоўцаў без медыцыны?
- 25.04.2026, 13:50
Дыктатар хоча «аптымізаваць» медыцынскія ўстановы ў рэгіёнах.
Аляксандр Лукашэнка задумаўся пра аптымізацыю ўстаноў аховы здароўя ў рэгіёнах. Кіраўнік Мінздароўя атрымае даручэнне «паглядзець, дзе нам што трэба, а дзе не трэба», — заявіў дыктатар падчас паездкі ў Петрыкаўскі раён 25 красавіка.
Падчас візіту ў рэгіён Аляксандр Лукашэнка наведаў Петрыкаўскую цэнтральную раённую бальніцу. Там ён даведаўся, што ў склад установы ўваходзяць, між іншым, сем участковых бальніц, 22 фельчарска-акушэрскія пункты (ФАП) і сем амбулаторый урача агульнай практыкі.
Дыктатар задаўся пытаннем, наколькі такая структура аптымальная і апраўданая.
— Трэба разабрацца, каб мы не трацілі лішнія грошы. Я не за тое, каб пазачыняць ФАПы, участковыя бальніцы. Але трэба паглядзець там, дзе трэба, — сказаў Лукашэнка.
Ён вырашыў даручыць міністру аховы здароўя Аляксандру Ходжаеву, каб той «яшчэ раз прайшоўся па краіне і паглядзеў, дзе нам што трэба, а дзе не трэба».