Затрыманы пад Вілейкай ксёндз перанёс інфаркт у СІЗА КДБ
- 25.04.2026, 14:40
Святар выступаў супраць нападу Расіі на Украіну, асуджаў вайну, заклікаў да міру і пакаяння.
Ксёндз Анатолій Парахневіч, які служыць настаяцелем у Вілейскім раёне і знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за месяц, перанёс інфаркт. Паводле звестак вернікаў, 65-гадовы святар застаецца ў следчым ізалятары ў цяжкім стане, піша Katolik.life.
Таксама, наколькі стала вядома беларускім вернікам, ксяндза абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве». У чым канкрэтна — інфармацыі няма. Мяркуецца, што святара трымаюць у СІЗА КДБ. Яго арыштоўваць прыязджалі невядомыя людзі ў масках на некалькіх машынах, яго дом апячаталі.
Нагадаем, пра затрыманне Анатолія Парахневіча, настаяцеля невялікай парафіі ў Альковічах Вілейскага раёна, стала вядома 16 сакавіка. Сілавікі правялі вобшук у яго доме і касцёле.
Ксяндзу Анатолю 65 гадоў. У яго няма родных і блізкіх, таму даведацца пра яго няма ў каго, акрамя біскупаў. У Альковічах святар служыць з 2007 года, да гэтага служыў у Ракаве і Заслаўі, а навучаўся ў польскім Беластоку. Летась ён адзначыў 30-годдзе святарскага пасвячэння — як і арцыбіскуп Іосіф Станеўскі.
У мясцовай раённай газеце святара называлі «пастырам душ чалавечых, гісторыкам і збіральнікам старадаўніны», адзначалі яго ўменне ўпрыгожваць алтар і ўвесь храм непаўторнымі кветкавымі кампазіцыямі. Кветкі ён вырошчваў у ўласным садзе, таксама меў сваю пасеку, гатаваў пірагі і тарты.
Касцёл быў закрыты нейкі час пасля вобшуку, але потым ключы вярнулі — цяпер служыць у парафіі прыязджае іншы ксёндз. Дом настаяцеля па-ранейшаму застаецца закрытым.
Паводле словаў вернікаў, Анатолій Парахневіч адкрыта выступаў супраць нападу Расіі на Украіну, асуджаў вайну, заклікаў да міру і пакаяння.