Украінскі пасажырскі самалёт палюе на расійскія дроны
- 25.04.2026, 18:42
Яму ўжо ўдалося збіць больш за 300 ударных дронаў.
Ан-28 — лёгкі пасажырскі самалёт на 18 месцаў, які выпускаўся з 1978 па 1993 год. Адзін такі самалёт украінцы пераабсталявалі для палявання на дроны Shahed-136: інжынеры замацавалі пад крылом некалькі дронаў-перахопнікаў тыпаў P1Sun і Sting, піша Bild.
Калі пачынаецца налёт, самалёт вылятае і пачынае пераследаваць варожыя БПЛА. Пры набліжэнні да мэты аператар дрона, які, як «пасажыр», знаходзіцца проста на борце Ан-28, актывуе дрон-перахопнік і накіроўвае яго ў бой.
Такім чынам украінскім вайскоўцам ужо ўдалося збіць больш за трыста расійскіх ударных дронаў. Перавагі гэтай тактыкі — нізкія выдаткі (адзін перахопнік каштуе ад адной да трох тысяч еўра) і мінімальная рызыка для экіпажа і аператара дрона. Аўстрыйскі ваенны эксперт Густаў Грэсэль пахваліў рашэнне інжынераў у X:
«Самалёт дзякуючы вышыні і хуткасці надае дронам кінетычную энергію, што робіць працэс перахопу больш эфектыўным і павялічвае далёкасць дзеяння дронаў. Гэта асабліва важна супраць Shahed з рэактыўным рухавіком, якія лятаюць на вялікай вышыні».