BE RU EN

Новая энергетычная палітыка па-лукашэнкаўску

  • 26.04.2026, 3:30

Залежнасць ад расійскага газу — так, зялёная энергетыка — не.

У Беларусі прынялі новую рэдакцыю Канцэпцыі энергетычнай бяспекі. У ёй выдалены ўсе згадкі пра неабходнасць зніжаць залежнасць ад расійскіх энергарэсурсаў.

Новую канцэпцыю ўжо зацвердзіў Савет Міністраў. Эксперт Яўген Макарчук прааналізаваў дакумент.

У новай рэдакцыі фармулёўкі пагроз энергасістэме сталі больш размытымі. У старой рэдакцыі былі прама прапісаны такія пагрозы, як абмежаванне паставак іншымі дзяржавамі або кампаніямі, у тым ліку ў выніку несвоечасовага заключэння кантрактаў. У новай рэдакцыі ўзгаданы толькі «недастатковы ўзровень дыверсіфікацыі», хоць пасля 2015 года такая пагроза як мінімум адзін раз рэалізоўвалася і пагражала паўнавартасным энергетычным крызісам.

Залежнасць ад аднаго пастаўшчыка больш не палохае

«Дыверсіфікацыя пастаўшчыкоў і відаў энергарэсурсаў» — менавіта так называўся адзін з раздзелаў у старой рэдакцыі Канцэпцыі, аднак у новай рэдакцыі ён проста выдалены.

«Гэта прынцыпова важна, паколькі пры высокай залежнасці ад імпарту дыверсіфікацыя павінна быць асноўным напрамкам дзейнасці і даваць найбольшы эфект ва ўмацаванні энергетычнай бяспекі», — тлумачыць Яўген Макарчук.

Раней ставілася мэта дасягнуць такога ўзроўню разнастайнасці пастаўшчыкоў, які дазволіў бы бесперабойна функцыянаваць пры абмежаванні паставак дамінуючым пастаўшчыком па кожным з відаў ПЭР. Падобна, такая мэта больш не ставіцца.

З канцэпцыі выдалены ўсе індыкатары, звязаныя з дыверсіфікацыяй — як у плане пастаўшчыкоў энергіі (краін), так і відаў паліва. Хоць у старой рэдакцыі значэнні гэтых індыкатараў знаходзіліся на крытычным або падкрытычным узроўні, а залежнасць ад аднаго пастаўшчыка лічыцца ключавой формай энергетычнай уразлівасці для сучаснай Беларусі.

Трэцяй АЭС пакуль не будзе

Новы прагноз не прадугледжвае ўводу трэцяга блока АЭС да 2040 года.

Адмаўляцца ад газу перадумалі

Доля прыроднага газу ў вытворчасці цеплавой і электрычнай энергіі раней планавалася на ўзроўні 50% да 2035 года. Цяпер жа ўсталяваны мэтавы паказчык 65% да 2040 года, то-бок фактычна на ўзроўні сённяшняга дня.

«Відаць, ад планаў зніжэння залежнасці ад газу таксама вырашылі адмовіцца», — тлумачыць Яўген Макарчук.

Зялёнай энергетыкі не будзе

У канцэпцыю закладзены прагноз па долі аднаўляльных крыніц энергіі ў энергасістэме краіны. Яна запланавана на ўзроўні 8,5% у 2040 годзе, хоць ужо ў 2022 годзе яна дасягала 8,3%, пасля чаго была адміністрацыйна зніжана.

«То-бок улады фактычна не плануюць развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі», — робіць выснову эксперт.

Спажыванне электраэнергіі будуць заахвочваць

У праграму закладзены індыкатары росту долі электрычнай энергіі ў канчатковым спажыванні энергіі. Гэта азначае, што Мінэнерга і далей будзе штучна павялічваць спажыванне электраэнергіі насуперак эканамічнай мэтазгоднасці.

«Дадзены індыкатар ніяк не ўплывае на энергетычную бяспеку, калі рост электраспажывання не забяспечваецца мясцовымі крыніцамі энергіі, чаго ў Канцэпцыі не прадугледжваецца», — тлумачыць аналітык.

На энергетычную бяспеку заплюшчылі вочы

У цэлым змены, унесеныя ў Канцэпцыю, сведчаць пра тое, што дзяржава плануе спыніць займацца ўласнай энергетычнай бяспекай.

«Адсутнасць планаў па развіцці аднаўляльных крыніц энергіі і павышэнні энергетычнай самастойнасці сведчыць пра тое, што дзяржаву задавальняе цяперашні стан энергетычнай залежнасці ад пастаўшчыкоў энергіі і, верагодна, далей прыкладаць намаганні ў гэтым напрамку не плануецца».

Апошнія навіны