ЗША перахапілі судна «ценявага флоту» Ірана ў Аравійскім моры
- 26.04.2026, 11:13
Аперацыю праводзілі з эсмінца USS Pinckney.
ЗША перахапілі ў Аравійскім моры судна «ценявага флоту» Ірана, якое спрабавала прарваць марскую блакаду і транспартаваць энергарэсурсы.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Ідзецца пра судна Sevan, якое ўваходзіла ў групу з 19 караблёў, што транспартуюць іранскую нафту і газавыя прадукты на знешнія рынкі.
Паводле звестак вайскоўцаў, судна было перахоплена верталётам ВМС ЗША з эсмінца USS Pinckney. Цяпер яно выконвае загад вярнуцца ў Іран пад суправаджэннем амерыканскіх сіл.
У Цэнтральным камандаванні адзначылі, што судны «ценявага флоту» знаходзяцца пад санкцыямі Мінфіна ЗША праз удзел у транспартаванні энергарэсурсаў, у прыватнасці прапана і бутана, на мільярды долараў.
З пачатку марской блакады ўжо 37 суднаў былі вымушаныя змяніць курс.